АТРАД МАЛАДЫХ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

Сёлета УА “Маларыцкі дзяржаўны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” выпусціў 143 спецыялісты – 82 з іх пачыналі навучанне ў ліцэі пасля агульнай базавай адукацыі і 61 – на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. На ўрачыстай лінейцы, прысвечанай выпускнікам 2013 года, дыпломы з адзнакай і грашовыя прэміі атрымалі Аляксандр Іолап, Павел Смірноў, Вадзім Чыжэўскі, Сяргей Вягера. Старшыня прафсаюзнага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Марушаў уручыў лепшым навучэнцам ліцэя імянныя стыпендыі. А ад першага сакратара раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Аляксея Дзямінскага памятныя прызы і граматы атрымалі актывісты пярвічнай арганізацыі БРСМ. З узнагародамі для актывістаў маладзёжнага атрада аховы правапарадку прыйшоў на выпускны ў ліцэй Эдуард Паўлаў, які часова выконвае абавязкі першага намесніка начальніка райаддзела міліцыі. Ён адзначыў таксама заслугі кіраўніка МААП Вячаслава Бабуры.
Шчырыя пажаданні смела ісці па самастойнай дарозе жыцця выказала выпускнікам ад імя бацькоў Ірына Іолап – маці аднаго з лепшых навучэнцаў ліцэя Аляксандра Іолапа.
Выпускнікі ліцэя атрымалі прафесіі, запатрабаваныя прадпрыемствамі вобласці. Яны сталі трактарыстамі-машыністамі, слесарамі па рамонту сельгасмашын і абсталявання, электразваршчыкамі ручной зваркі, электраманцёрамі па рамонту і абслугоўванню электраабсталявання, вадзіцелямі аўтамабіляў. 96 выпускнікоў ліцэя размеркаваны ў сельгасарганізацыі аграпрамысловага комплексу, астатнія будуць працаваць на прамысловых прадпрыемствах Брэстчыны.
Галіна СТАСЮК, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце УА “Маларыцкі ДзПЛ СВ”
НА ЗДЫМКУ: у час урачыстага ўручэння дыпломаў і грашовых прэмій.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 10.07.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий