Кацярына Сакалюк: “Цяжкасці ніколі не пужалі, а загартоўвалі”

 

У Ляхаўцах сонечнае надвор’е, час ад часу налятае ветрык, пад нагамі шалясціць рознакаляровае лісце. Кацярына  Паўлаўна, усміхаючыся, на вітанні вяскоўцаў ветліва адказвае “Добры дзень!” і нетаропка ідзе наперад. Апалы жоўты дубовы ліст, які павольна кружыўся ў паветры, а потым упаў ля яе ног, імгненна перанёс у верасень 1973 года. Тады ёй, маладой настаўніцы, букет з дубовага лісця з жалудамі падарылі хлопцы з 10 класа, у які была назначана новым класным кіраўніком. Слаўны быў час!

Кацярына Сакалюк вучылася ў Радзежскай СШ.  Асабліва памятнымі для яе сталі гады вучобы ў  9 і 10 класах.

– Мяне вучылі незвычайныя настаўнікі, – гаворыць Кацярына Паўлаўна. – Юнакі, якія былі старэйшымі па ўзросце на некалькі гадоў, пасля заканчэння школы вырашылі набыць вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім педагагічным інстытуце. Але яны не паступілі вучыцца. У раённым аддзеле адукацыі юнакам прапанавалі працу ў школе… настаўнікамі. Юнакі згадзіліся. Так у мяне стаў выкладаць матэматыку ўчарашні выпускнік адной з устаноў адукацыі Маларытчыны Уладзімір Мароз, фізіку – Іван Петух, а фізічную культуру – Іван Касянюк, пазней – Мікалай Ляўчук. Асабліва мне быў сімпатычны Мікалай Васільевіч. Яму нават прысвячала вершы і імкнулася без прычыны не прапускаць ні аднаго яго ўрока.

Кацярына Паўлаўна расказвае, што з выбарам будучай прафесіі – стаць настаўнікам – яна вызначылася недзе ў класе пятым ці шостым.  Паспрыяла гэтаму настаўніца  рускай мовы і літаратуры Яўгенія Тыцык. Яўгенія Цімафееўна вучыла адрозніваць дабро ад зла, праўду – ад ілжы,  сяброўства – ад здрады, на прыкладах вучыла сумленнасці і справядлівасці, любові да людзей і роднай зямлі. Дзякуючы ёй, дзяўчына стала многа чытаць твораў мастацкай літаратуры, а з асаблівым задавальненнем – класікаў беларускай і рускай літаратуры.

– Можа здацца дзіўным, але Яўгенія Цімафееўна мяне вучыла і ў пачатковых класах, і ў старэйшых, – гаворыць мая субяседніца. – Спачатку яна працавала настаўніцай пачатковых класаў,  а пасля паступіла вучыцца ў Брэсцкі  педагагічны інстытут і ў старэйшых класах у мяне выкладала рускую мову і літаратуру. Пэўны ўплыў на выбар жыццёвай сцежкі аказала і настаўніца фізікі Ніна Уладзіміраўна Касянюк.

Як і большасць дзяцей, Кацярына Сакалюк любіла  з сябрамі іграць у школу. За гэтым заняткам часта нават не заўважала, як праляталі  кароткія зімовыя дні. Бывала, што  са школы вярталася на змярканні.

– Ад нашага дома да школы было далекавата, а напрамую, праз балоты,  кіламетраў недзе каля трох, – успамінае Кацярына Паўлаўна. – Зімою, калі там замярзала вада, гэта быў мой шлях ранкам у школу і вечарам назад. Пасля ўрокаў, калі выпадаў снег,  з сяброўкамі мы адразу беглі на балоты, бралі кійкі ў рукі і ігралі ў школу. Снег на лёдзе – як чысты ліст паперы. Сяброўкам задавала рашаць розныя задачы і арыфметычныя прыклады, а пасля іх правярала, выпраўляла памылкі, ставіла адзнаку і, як у дзённіку, распісвалася. Зрэшты, матэмытыку любіла заўсёды. У вольны час як не кніжку чытала, то рашала задачы. Выконваць дамашняе заданне заўсёды абавязкова пачынала з матэматыкі.

У сваіх ведах была заўсёды ўпэўнена, але каб сябе падстрахаваць, у дзясятым кла­се стала вучыцца на пад­рыхтоўчых курсах, якія тады былі арганізаваны ў Брэсцкім педагагічным інстытуце. За­кончыўшы сярэднюю школу, паступіла вучыцца на аддзяленне матэматыкі фізіка-матэматычнага факультэта. Іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы не разглядала. Паколькі яны былі далекавата ад Радзежа, то на выхадныя дадому не наездзішся. Гэта, напэўна, і быў асноўны крытэрый выбару інстытута. Тым больш, што бацькам неабходна было дапамагаць па гаспадарцы.

Так атрымалася,  што ў адзін год з Кацярынай Сакалюк у Брэст паступілі вучыцца і яе школьныя настаўнікі.  Больш таго, з Уладзімірам Марозам вучылася на адным факультэце.

– Уладзіміра Мароза заўсёды і ўсюды ў інстытуце называла не іначай,  як Уладзімір Іванавіч. Студэнты, вядома ж, не ведалі, што ён мой школьны настаўнік, таму здзіўляліся і дапытваліся чаму?  Уладзімір Мароз дапамог мне ўладкавацца ў інтэрнат, даваў парады па напісанні сачынення… А вось Іван Петух на фізіка-матэматычны факультэт паступіў вучыцца пазней за мяне.

Кацярына Паўлаўна ў інс­тытуце была актывісткай: усюды паспявала. Ды і вучылася добра. Таму і трапіла ў лік першых на размеркаванні. А гэта давала права выбару першага працоўнага месца. Кацярына Сакалюк спынілася на Маларыцкім раёне. Вакансія тады была толькі ў Ляхавецкай СШ. Туды ў  дваццатых чыслах жніўня і прыехала ўладкоўвацца маладая настаўніца. Цяжкасці і перашкоды, якія маглі ўзнікнуць, не пужалі. Яна іх упэўнена пераадольвала.

– Мне далі стаўку гадзін матэматыкі і класнае кіраўніц­тва ў 10 класе, у якім было 23 чалавекі,  – усміхаецца Кацярына Паўлаўна. – За некалькі дзён да пачатку новага навучальнага года адміністрацыя ўстановы адукацыі мяне сур’ёзна азадачыла. У Ляхавецкай СШ была традыцыя: класны кіраўнік са сваім выпускным класам да 1 верасня рыхтуе святочную насценную газету. Сваіх будучых вучняў, вядома ж, я зусім не ведала. Сабраць іх дапамаглі калегі-настаўнікі. Падчас першай сустрэчы, на якую прыйшла большасць 10-класнікаў, і адбылося маё першае з імі знаёмства. Мы шмат тады гаварылі, абмяркоўвалі першавераснёўскую школьную лінейку, зрабілі макет насценгазеты, а затым яе “выпусцілі”. Газета, сапраўды, атрымалася  маляўнічай і ўсім спадабалася. Так вось і пазнаёмілася са сваімі вучнямі, якія з першага погляду здаліся нядрэннымі.

Тым не менш, першага верасня Кацярына Сакалюк усё ж такі чакала не толькі з нецярпеннем,  але і хваляваннем. Маладая настаўніца старанна  рыхтавалася да гэтай даты. Не раз уяўляла, як увойдзе ў кабінет, дзе і як стане, што скажа дзесяцікласнікам. Ёй з першага ўрока хацелася стаць тым чалавекам, каму можна будзе давяраць свае сакрэты, патаемныя думкі, з кім можна будзе падзяліцца радасцю перамог і горыччу расчараванняў і няўдач. Вось такую задачу паставіла перад сабой Кацярына Паўлаўна. Ведала, што такога можна дасягнуць. Прыкладам у гэтым сталі яе школьныя настаўнікі. У кожнага з іх было чаму павучыцца. Таму маладая настаўніца таксама імкнулася штодзень усяляць упэўненасць у вучняў,  зараджаць іх энергіяй і аптымізмам, дапамагала паверыць у свае сілы.

 Кацярына Сакалюк любіла школу, дзяцей і прафесію, таму цалкам аддавала сябе рабоце і ўкладвала ў яе ўсю дyшy i cэpцa. Энергіі, ciл і стараннасці былo шмат. Здa­вa­лacя,  што яны невычэрпныя. Таму ўсё і атрымлівалася. Ра­бота прыносіла маральнае задавальненне і радасць. Нас­таўніца адчувала сваю запатрабаванасць,  любоў вучняў.

– Я, як педагог, выхоўвала сваіх вучняў так, каб яны годна ўвайшлі ў дарослае жыццё, – кажа Кацярына Сакалюк. – Школьнікаў патрэбна не толькі навучыць неабходнаму, але і падрыхтаваць да самастойнага жыцця, захаваць у іх душы і сэрцы галоўнае – чалавечнасць. У клас заўсёды ўваходзіла толькі з добрым настроем і ўсмешкай на вуснах. Часта імправізавала, падбадзёрвала вучняў добрым словам. На ўроках заўсёды было месца жартам. Зрэшты, усё гэта засталося і цяпер.

З першага дня прафесійнай дзейнасці Кацярыне Паўлаўне хацелася стаць добрым настаўнікам, таму займалася самаўдасканальваннем, шукала новыя формы і метады работы. Да нястомнага самаразвіцця падштурхоўвалі першыя поспехі вучняў. Многія адказы на хвалюючыя пытанні Кацярына Сакалюк шукала ў педагагічных працах А.С. Макаранкі,  В.А. Сухамлінскага, К.Д. Ушынскага,  Л.М. Талстога. А пасля грунтоўнага асэнсавання прачытанага прымяняла набытыя веды на практыцы.

Кацярыне Сакалюк хацелася зрабіць жыццё сваіх вучняў цікавым і разнастайным. Таму настаўніца развучвала з імі танцы, арганізоўвала і праводзіла шмат пазакласных мерапрыемстваў,  часта бывала ў паходах, на экскурсіях. У памяці засталіся і паездкі па гарадах СССР. Шмат уражанняў засталося ад наведвання Мінска,  Масквы, Ленінграда,  Львова,  Адэсы…

– У жыцці прытрымліваюся прынцыпу: калі ўзяўся за нейкую справу, то давядзі яе да канца, – гаворыць Кацярына Паўлаўна. – Да пастаўленай мэты трэба ісці не збочваючы. Цяжкасці мяне ніколі не пужалі, а загартоўвалі, давалі веру ва ўласныя сілы.

За 42 гады працы ў шко­ле ў Кацярыны Самасюк выпра­цаваўся ўласны педагагічны почырк. Усе дасягненні нас­таўніцы – гэта вынік штодзён­най карпатлівай працы. Яна – педагог патрабавальны, най­перш да сябе, творчы, іні­цыятыўны, мэтанакіраваны.

– У 2009 годзе, калі мне споўнілася 57 гадоў, вырашыла спыніць сваю педагагічную працу, – гаворыць Кацярына Паўлаўна. – Грандыёзныя былі планы ў мяне! Столькі вольнага часу! Аднак праз некалькі  месяцаў  так засумавала па школе,  уроках і вучнях, што нават збіралася пайсці прасіцца зноў на працу. Зразумела, што без школы жыць не змагу. Неўзабаве  мне прапанавалі папрацаваць на замене на час хваробы настаўніка матэматыкі, а потым – зноў і зноў. Так працягвалася  ажно дванаццаць гадоў. З  мінулага навучальнага года працую на паўстаўкі. Цяпер выкладаю матэматыку ў 6 і 9 класах. Як гэта цудоўна зноў адчуць сябе настаўнікам! У школе заўсёды застаюся маладой душой, бо вакол мяне вучні. Жыву дзякуючы ім. Дзеля вучняў і працую.                                                                                                                             

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  • 30
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий