Ірына Літвінюк: «Прадукцыя наша смачная, бяспечная і якасная…»

Ірына Літвінюк ужо сем гадоў  працуе аператарам лініі па вытворчасці харчовай прадукцыі на тэхналагічным комплексе абсталявання для прыгатавання і разліву гарачым спосабам пюрэ для дзіцячага харчавання ў гнуткую ўпакоўку ў цэху дзіцячага харчавання Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната. За гэты час  яна стала майстрам сваёй справы, спецыялістам высокага ўзроўню.

Ірына  Мікалаеўна вучылася ў Вялікарыцкай СШ. Спецыяльнасць  закройшчыка-мадэльера жаночага адзення набыла пасля замуства ў Брэсцкім эксперыментальным вучэбна-метадычным цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі беспрацоўных.  Пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку некаторы час працавала па атрыманай спецыяльнасці ў Маларыце ў прыватніка. Так склаліся жыццёвыя абставіны,  што давялося ўладкавацца сезоннай рабочай на кансервавагароднінасушыльны камбінат. Кіраўніцтва прадпрыемства адразу звярнула ўвагу на адказнага, надзейнага, уважлівага і добрасумленнага работніка, таму неўзабаве прапанавала ёй пастаяннае месца працы – падрыхтоўшчыка харчовай  сыравіны.

– Выдатна памятаю свой першы працоўны дзень, – гаворыць Ірына Мікалаеўна. – Гэта было 7 чэрвеня 2016 года. Хвалявалася, перажывала. З першай працоўнай змены імкнулася ўсё рабіць бездакорна, як сабе. Калі з’явілася вакансія аператара лініі па вытворчасці харчовай прадукцыі, перайшла працаваць туды. Нягледзячы на тое, што цэх дзіцячага харчавання абсталяваны навейшай тэхнікай, чалавечы фактар тут па-ранейшаму адыгрывае важную ролю. Ды і адказнасць вялікая. Дарэчы, за змену наш цэх выпускае  амаль 6 тон гатовай вітаміннай прадукцыі.

Па словах дырэктара прадпрыемства Юрыя Вітрука,  Ірына Літвінюк паспяхова спраўляецца з усімі пастаўленымі перад ёй задачамі. А лінія, на якой яна шчыруе, – адна з самых важных, паколькі своечасова выявіць няспраўнасці,  калі яны ўзнікаюць, і адначасова  захаваць якасць прадукцыі можа толькі прафесіянал.  Ірына Мікалаеўна, сапраўды, выдатна ведае прынцыпы работы тэхналагічнага абсталявання, рэцэптуру і віды сыравіны, патрабаванні да гатовай прадукцыі і інш.

Ірына Літвінюк лічыць,  што асноўнае ў любой справе – гэта адказнасць і стараннасць.

– Калі добра працуеш,  тады і  настрой добры,  і адносіны да цябе паважлівыя,  – гаворыць яна. – У нашым цэху ўсе работнікі працавітыя і добразычлівыя,  кожны перажывае за агульную справу, напэўна, таму і вынікі ў нас добрыя. Уся прадукцыя  камбіната заўсёды смачная, бяспечная і якасная!

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий