Эстэтычным выхаваннем дзяцей займаецца педагог дадатковай адукацыі Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ала Родзіна

Ала Родзіна – педагог дадатковай адукацыі Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яна асоба творчая, яркая, ініцыятыўная, настойлівая, паслядоўная ў імкненні да пастаўленай мэты, дасведчаны практык, аматар разнастайнасці ў творчым пошуку, валодае эстэтычным густам, неўтаймоўнай фантазіяй, вялікай працаздольнасцю. У Маларыцкім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ала Віктараўна працуе крыху больш за год, хоць у яе за плячамі 14-гадовы педагагічны стаж.

– Так склаліся жыццёвыя абставіны, што давялося працаваць у розных месцах, – гаворыць Ала Віктараўна. – Была і мастаком, хімікам-ла­барантам у ракетнай часці, інжынерам-тэхнолагам, прадаўцом, майстрам вытворчага навучання, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, спецыялістам па сацыяльнай рабоце… І толькі тут, у раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, знайшла тое, што, здаецца, шукала ўсё жыццё. Маё хобі нарэшце стала прафесіяй, у некаторай ступені – нават сэнсам жыцця. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, вярнулася да таго, з чаго, здаецца, пачынала ў дзяцінстве – да творчасці. Я не шкадую, што ў свой час не стала настаўнікам. Жаль і шкадаванне выклікае тое, што не ўладкавалася раней на працу ў Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Я цяпер працую тут і разумею, што гэта маё. Вучыць дзяцей, якія зацікаўлены ў выніках сваёй працы, матываваны да дзейнасці, – вялікае задавальненне. Да таго ж мне шанцуе ў жыцці на добрых людзей. Ка­лектыў, у якім працую, дружны, згуртаваны, у любы момант падтрымае, падкажа, параіць. На працу, сапраўды, іду як на свята.

Ала Родзіна ў дзяцін­стве была непаседай, гарэзай. Аднастайныя заняткі дзяўчынцы хутка надакучвалі.
– У трэцім класе мама мяне прывяла ў Дом піянераў і запісала ў гурток па вязанні на прутках, – успамінае Ала Віктараўна. – Гэта для мяне было новым і незвычайным. Заняткі ў гуртку адразу спадабаліся і захапілі. Дома ў вольны час таксама стала часта вязаць. Ды і бацька, Віктар Іосіфавіч Савіцкі, які ўсё жыццё працаваў выкладчыкам у Маларыцкім ПТВ-155, падахвочваў да гэтага, хваліў мяне. Пазней навучылася шыць. Я з дзяцінства, як кажуць, была апантаная творчасцю. Пасля заканчэння СШ № 1 Маларыты паступіла вучыцца ў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці імя Васіля Чарнышова. Гэта, дарэчы, таксама было жаданне бацькі. Яму вельмі хацелася, каб я стала тэхнікам-тэхнолагам лёгкай пра­мысловасці. “З гэтай прафесіяй, – казаў бацька, – ніколі і нідзе не прапа­дзеш. Яна была і будзе запатрабаванай. Людзям жа трэба апранацца”. Да слоў бацькі прыслухалася. Пазней ўзнікла патрэба ў набыцці вышэйшай адукацыі, таму закончыла Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці па спе­цыяльнасці “Ін­жынер-тэхнолаг лёгкай прамысловасці”. А праз шмат гадоў давялося набыць яшчэ і другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці ”Педагог сацыяльны”.

Цяпер Ала Родзіна – кіраўнік пяці аб’яднанняў па інтарэсах: “Скураны вожык” (работа з натуральнай скурай), “Клубок плюс” (вязанне на прутках), “Чаўнок-бай” (ткацтва), “Студыя «Сланечнік»” (паперапляценне), “Лянок-арт” (работа з джутам і мешкавінай). Іх з задавальненнем наведваюць дзяўчынкі ва ўзросце 7-14 гадоў. Ала Віктараўна імкнецца перадаць свой багаты вопыт вучням, якія вельмі тонка адчуваюць цеплыню, шчырыя адносіны да іх і адказваюць узаемнасцю і сімпатыяй.
– Работа педагога да­датковай адукацыі хоць і цікавая, але няпростая, – гаворыць Ала Віктараўна. – Неабходна без падручнікаў сфарміраваць у гурт­коўцаў пэўныя веды, уменні, развіць іх здоль­насці, навыкі, захапіць цікавай справай, а самае галоўнае – стварыць добразычлівую і шчырую атмасферу, знайсці агульную мову з дзецьмі рознага ўзросту. Аб’яднанні па інтарэсах падрыхтоўваюць гурт­коўцаў да дарослага жыцця, прыносяць ім задавальненне. Дзяўчаты на занятках сваімі рукамі робяць падарункі родным, сябрам, аднакласнікам.

– Ала Віктараўна, чым вы займаецеся на занятках?
– Эстэтычнаму выхаванню дзяцей у нас здаўна надаецца пільная ўвага. Справа тут не толькі ў развіцці творчай асобы. Дзеці на маіх занятках вучацца быць больш уважлівымі, заўважаць дэталі, выказваць пачуцці, адчуванні і па-свойму асэнсоўваць навакольны свет, ад­лю­строўваючы яго ў сваіх творах. Мы зберагаем традыцыі, жывём сучасным, творым будучыню.
На занятках таксама вучымся мысліць творча. Я стараюся пераканаць вучняў, што дэкаратыўна-прыкладное мастацтва змяняе свет да лепшага, імкнуся да таго, каб мае заняткі сталі любімым месцам для вучняў. Што гэта так, сведчыць, напрыклад, такі факт. Мае гурткоўцы не спяшаюцца пасля заканчэння заняткаў адразу разыходзіцца дадому. Яны застаюцца, каб завяршыць пачатую работу.

Дзецям заўсёды гавару, што вынік у любой справе залежыць толькі ад якаснага і карпатлівага падыходу, ад старання і жадання дасягнуць пастаўленай мэты. Нельга адразу апускаць рукі перад перашкодай, якая ўзнікла. Яе неабходна паспрабаваць абысці.

Сапраўды, у дзяцей трэба шмат укласці, каб атрымаць пэўны вынік. А ён у працы Алы Родзінай ёсць. У скарбонцы творчых дасягненняў ужо шмат узнагарод. Работы яе вучняў узнагароджаны, напрыклад, дыпломамі І ступені за ўдзел у абласной выставе дзіцячай творчасці “Цудоўны свет любоўю мацярынскай”, у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка” ў намінацыі “Хайтэк-ёлка”, адкрытым абласным фестывалі-конкурсе юных мадэльераў “Brest junior fashion” у намінацыях “Стыльнае дапаўненне” (за калекцыю “Цудоўныя бразготкі”) і “Школа моды” (за калекцыю “Бабулін квадрат”), дыпломам ІІ ступені – за ўдзел у заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка” ў намінацыі “Хайтэк-ёлка”, дыпломам фіналіста адкрытага абласнога фестывалю-конкурсу юных мадэльераў – за калекцыю аксэсуараў “Цудоўныя бразготкі”.
Конкурсныя рабо­ты гурткоўцаў Алы Ро­дзі­най здзіўляюць і за­чароўваюць прафесійнае журы ары­гінальным і крэатыўным падыходам да іх выканання. Работы яркія, самабытныя, вызначаюцца тэматычным багаццем, непаўторным аўтарскім почыркам, каларытам, густам.

Работы Алы Родзінай і яе вучняў не раз дэманстраваліся на выставах у райцэнтры падчас розных мерапрыемстваў. Яны заўсёды атрымлівалі станоўчыя водгукі навед­вальнікаў.
Ала Віктараўна не спыняецца на дасягнутым. У яе шмат планаў, творчых ідэй, якія хутка будуць рэалізаваны ў новых работах гурткоўцаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий