“Таптышка”: экспарт прадукцыі вырас
У Гомелі адбыўся ІІІ злёт перадавікоў арганізацый, якія ўваходзяць у склад канцэрна “Белдзяржхарчпрам”. На ім ушаноўвалі лепшых працаўнікоў галіны. Словы падзякі і ўдзячнасці удзельнікам мерапрыемства адрасаваў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц. Ён зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
На злёце перадавікоў Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат прадстаўлялі першы намеснік дырэктара – галоўны інжынер Леанід Бягеза, намеснік дырэктара Людміла Вазнасіменка і старшыня прафсаюзнага камітэта, начальнік вытворча-выпрабавальнай лабараторыі Кацярына Паздзяйкіна. Увазе ўдзельнікаў злёту была прапанавана выстава прадукцыі, якая выпускаецца пад гандлёвай маркай “Таптышка”, і яе дэгустацыя.
– Нядаўна мы асвоілі новы выпуск прадукцыі – харчаванне для дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту ў пауч-пакетах па 200 мл, – гаворыць Людміла Вазнасіменка. – У верасні “Таптышка” наладзіў выпуск нектару яблычна-вішнёвага з мякаццю, пюрэ для дзіцячага харчавання з цвятной капусты, морквы і яблыка з цукрам. Таксама пачаты выпуск чатырох найменняў новай прадукцыі для дзіцячага харчавання. Гэта фруктовае пюрэ з яблыка, банана і ківі; пюрэ з грушы, банана і манга; пюрэ з грушы, персіка і манга; пюрэ з персіка, яблыка і банана. У рознічны гандаль ужо накіравана першая партыя гэтай прадукцыі, прыкладна па 30 тысяч упаковак кожнага наймення. Чакаем водгукаў спажыўцоў.
Акрамя гэтага, на прадпрыемстве распрацаваны фруктовыя і фруктова-агароднінныя дэсерты для функцыянальнага харчавання з дабаўленнем насення чыа, сіропу агавы, мукі кіноа, рамонка і шыпшыны. На 2023 год запланаваны выпуск пюрэ з чарнасліву і грушы для дзіцячага харчавання.
У трэцім квартале Маларыцкі КГСК змог аднавіць ранейшы аб’ём экспартных паставак, зніжэнне якіх адбылося ў першым паўгоддзі з-за праблем з імпартам мяккай упакоўкі. Цяпер сітуацыю ўдалося стабілізаваць. Для параўнання. Калі ў другім квартале план экспарту быў выкананы на 82,5%, то ў трэцім – ужо на 129%. Амаль 90% экспарту кансервавагароднінасушыльнага камбіната накіроўваецца ў Расію. Прадпрыемства таксама сваю прадукцыю адгружае у краіны Мытнага саюза.
Мікалай НАВУМЧЫК.