Трэці год працуе участковым інспектарам у Макранскім і Лукаўскім сельсаветах Мікалай Радцэвіч
Нядаўна адзначаўся Дзень утварэння службы ўчастковых інспектараў міліцыі. Як паведаміла часова выконваючы абавязкі па пасадзе намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Маларыцкага РАУС маёр міліцыі Наталля Трафімук, гэтае падраздзяленне забяспечвае ахову правапарадку і абарону законных інтарэсаў грамадзян. Мясцовае насельніцтва ацэньвае дзейнасць органаў унутраных спраў у цэлым менавіта па выніках працы ўчастковага інспектара. Ён для грамадзян з’яўляецца і абаронцам, і ахоўнікам, і дарадцам, і псіхолагам.
Участковага інспектара міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў Маларыцкага райвыканкама маёра міліцыі Мікалая Радцэвіча мы засталі ў грамадскім пункце аховы правапарадку, які знаходзіцца ў будынку Макранскага сельскага Савета. Аднак адразу пагаварыць не ўдалося, паколькі на прыёме была мясцовая жыхарка са сваім сямейна-бытавым пытаннем. Пакуль чакалі, падышла яшчэ адна бабулька і папрасіла прапусціць яе па-за чаргой са сваёй “праблемай”, якую трэба вырашыць неадкладна. Пасля Мікалай Андрэевіч яшчэ адказваў на пытанні, якія яму паступілі на мабільны тэлефон ад жыхароў аг. Лукава.
– Неабходна ехаць туды, каб “закрыць” на месцы набалелае пытанне, якое ўзнікла, – гаворыць, вызваліўшыся, Мікалай Андрэевіч. – Работы ва ўчастковага інспектара заўсёды хапае. Я абслугоўваю Макранскі (8 населеных пунктаў, у якіх пражывае 1507 жыхароў) і Лукаўскі (6 населеных пунктаў, у якіх пражывае 941 жыхар) сельсаветы. Гэта прыгранічная тэрыторыя. Яе лічу адносна спакойнай. Аднак сядзець склаўшы рукі няма калі. Галоўнае ў нашай рабоце – гэта своечасовая прафілактыка. Працаваць неабходна на апярэджанне, на аператыўнае вырашэнне пастаўленай задачы, прагназаваць вынік. Спрацуеш паспяхова і ў тэрмін – не дапусціш бяды. Лагічна, што гэтае правапарушэнне і не давядзецца тады ў далейшым раскрываць.
Участковым інспектарам у Макранскім і Лукаўскім сельсаветах Мікалай Радцэвіч працуе трэці год. За гэты час ён ужо паспеў не толькі пазнаёміцца, але і заслужыць аўтарытэт і павагу вяскоўцаў, знайсці з імі агульную мову. Маёр міліцыі заўсёды ў курсе, чым жывуць людзі, што іх турбуе, паколькі кожны дзень ён аб’язджае замацаваныя за ім населеныя пункты, сустракаецца з мясцовымі жыхарамі, цікавіцца іх надзённымі праблемамі.
У абавязкі ўчастковага інспектара ўваходзіць ахова грамадскага парадку, раскрыццё злачынстваў, супрацьдзеянне алкагалізацыі насельніцтва, папярэджанне гвалту ў сем’ях, штодзённая работа з грамадзянамі, якія стаяць на розных уліках, правядзенне выязных камісій, саветаў прафілактыкі, работа з нядобранадзейнымі сем’ямі, накіраванне ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі…
У сваёй паўсядзённай дзейнасці участковы інспектар Мікалай Радцэвіч робіць акцэнт на работу з насельніцтвам, абапіраецца на вясковых стараст. Па яго меркаванні менавіта ўдзел, зацікаўленасць і неабыякавасць да пытанняў, якія ўзнікаюць, хуткае на іх рэагаванне, канкрэтная дапамога людзям у розных жыццёвых сітуацыях якраз і садзейнічаюць прафілактыцы правапарушэнняў і злачыннасці, а таксама аўтарытэту і росту даверу да супрацоўнікаў міліцыі.
– Калі людзі рэгулярна бачаць чалавека ў пагонах, наўрад ці хтосьці з іх пойдзе на злачынства, – гаворыць стараста вёсак Добрасава, Боркі і Новыя Боркі Ніна Дзмітрук. – Наогул узаемадзеянне з участковым інспектарам – а яно ў нас наладжана на добрай аснове – дае свой станоўчы вынік. Гэта дысцыплінуе людзей, перасцерагае ад неабдуманых правапарушэнняў. Мікалай Андрэевіч хутка рэагуе на праблемныя пытанні, якія неабходна вырашыць.
Ён нарадзіўся на Століншчыне. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў вучыцца ў Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж. Потым служыў у радах Узброеных Сіл, працаваў майстрам вытворчага навучання ў Столінскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы.
– Аднак неўзабаве зразумеў, што мне больш падабаюцца міліцэйскія будні, – гаворыць Мікалай Радцэвіч. – Між іншым, мне чамусьці заўсёды хацелася насіць форму і пагоны, служыць людзям, змагацца са злачынцамі. Таму вырашыў усё ж такі змяніць прафесію і ажыццявіць сваю мару. Стаў курсантам першапачатковай падрыхтоўкі Баранавіцкага каледжа МУС Рэспублікі Беларусь. Працаваў у раённым аддзеле ўнутраных спраў Столінскага райвыканкама, а з ліпеня 2005 года – у раённым аддзеле ўнутраных спраў Маларыцкага райвыканкама. За 20 гадоў службы ў органах Міністэрства ўнутраных спраў ні разу не пашкадаваў аб тым, што служу Закону, Народу, Айчыне!
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.