Сям’я Пішчыкаў з Сушытніцы адначыла 50-гадовы юбілей сумеснага жыцця

У маладосці адрэзак часу ў 50 гадоў здаецца проста велізарным. А вось Іван Мікалаевіч і Любоў Мікалаеўна Пішчыкі з Сушытніцы заўважылі, што 50 гадоў іх сумеснага жыцця праляцелі як адно імгненне. Мабыць, так атрымалася таму, што гады гэтыя прайшлі ў ладзе і згодзе.

Іван Пішчык у ма­ладосці не марыў пра спецыяльнасць ветфельчара,  але так атрымалася, што менавіта яна стала справай жыцця для хлопца з Хаціслава. Пасля 8 класаў падаў дакументы ў Ляхавіцкі ветэрынарны тэхнікум і, паспяхова закончыўшы яго, Іван пачаў працаваць у калгасе “Перамога” ветфельчарам. Работа ладзілася. Трэба сказаць, што тэхнікум даў маладому спецыялісту грунтоўныя веды, ды і да сваіх абавязкаў хлопец ставіўся вель­мі адказна, з усёй сур’ёзнасцю. Нездарма таму,  калі ў Сушытніцы спатрэбіўся загадчык малочнатаварнай фермы,  гэтую пасаду прапанавалі Івану Пішчыку, як у народзе кажуць, яго “пасваталі” на Сушытніцкую ферму. Але была і яшчэ адна абставіна, якая паўплывала на канчатковае рашэнне Івана – у Сушытніцы яму паабяцалі даць жыллё. А ён толькі нядаўна, вясной 1972 года,  – ажаніўся. Жонкай Іва­на стала прыгажуня Люба з Яблычнага. Пазнаёміліся маладыя на сельскіх вячорках, якія ладзіліся звычайна ў кагосьці ў хаце, бо клуба ў вёсцы не было. Люба і Іван спадабаліся адзін аднаму, пачалі сустракацца,  а ў маі згулялі вяселле. Зусім хутка, 1 жніўня 1972 года,  малады спецыяліст прыняў ферму і працаваў загадчыкам яе аж  да 2013 года. Такое зай­зд­­роснае пастаянства пра многае гаворыць. Мабыць, і Люба разглядзела ў сваім жаніху такія найлепшыя якасці, як працавітасць, уменне любую справу даводзіць да канца, гаспадарлівасць. І, зразумела, што за такім мужам будзе як за каменнай сцяной. Да таго ж і дыпламаваны спецыяліст,  і сабой быў жаніх відны.

Пазней Любоў Мі­калаеўна таксама перайшла працаваць у калгас учотчыкам, а потым і тэхнікам-асе­мянатарам. Прычым па жывёлагадоўлі муж быў яе настаўнікам і экзаменатарам у адной асобе. Хто ж лепш навучыць, як не блізкі чалавек?

Вось так і крочаць поплеч па жыцці Іван Мікалаевіч і Любоў Мі­калаеўна. Дзвюх дачок выгадавалі Пішчыкі: старэйшая,  Людміла,  працуе на “Гефесце”, а малодшая, Ларыса, выбрала сабе педагагічную справу – шчыруе настаўніцай пачатковых класаў у Мельніках. Дзяўчаты так­сама змалку былі прывучаны да вясковай працы, бо дапамагалі бацькам па гаспадарцы. А жыўнасці ўсялякай на падворку Пішчыкаў заўсёды было шмат: дзве каровы, свінні, птушка і нават авечкі. Думаецца, а ці магло быць інакш, калі гаспадар па спецыяльнасці ветфельчар? Таму і дзяў­чаты ніколі не былі беларучкамі, шчыравалі разам з бацькамі і на полі, і на сенажаці. І толь­кі так, у сумеснай працы, на думку Івана Мікалаевіча,  можна выхаваць дзяцей працавітымі і стараннымі.

Калгасны дом Піш­чыкі з цягам часу прыватызавалі, гадоў дзесяць таму падключылі газ, а блакітнае паліва намнога аблягчае жыццё ў вёсцы, робіць яго больш камфортным. Дом свой гаспадары аб’ядналі ў адну пабудову з летняй кухняй. Але не былі б гэта сельскія жыхары – печ усё ж такі пакінулі. У ёй Любоў Мікалаеўна сяды-тады выпякае пірагі ды булкі для найлепшых гасцей – дзяцей, унукаў і праўнукаў. Ды і боршч, які ўпрэў у печы, на думку гаспадара, у шмат разоў смачнейшы, чым прыгатаваны на пліце.

Да ўсяго сказанага трэба дадаць, што Іван Мікалаевіч за сваю самаадданую працу мае шмат узнагарод, самыя дарагія з якіх ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені і бронзавы медаль ВДНГ.

А сям’ю сваю Пішчыкі лічаць самай звычайнай на вёсцы. І ўсё ж сем’і,  якія вытрымалі 50-гадовы экзамен часам, па-свойму асаблівыя. Яны – прыклад для тых маладых пар,  якія толькі збіраюцца ўзяць шлюб, прыклад трываласці сямейных адносін, узаемапавагі, шчырасці і кахання.

Галіна ПРАКАПУК.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий