4 декабря в Беларуси отмечается День юриста

У нашым грамадстве прафесія  юрыста запатрабавана. Яе прадстаўнікі адказваюць за прававы бок дзейнасці розных арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, рыхтуюць дакументы з улікам нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнай сферы дзейнасці. Але больш універсальнай падрыхтоўкай вызначаюцца служачыя судовай сістэмы: адвакаты і пракуроры, следчыя і натарыусы, суддзі і юрысконсульты. Іх асноўная задача  заключаецца ў кантролі законнасці і справядлівасці па ўсіх накірунках нашага жыцця. Калі ўзнікае спрэчная сітуацыя, юрысты імкнуцца дапамагчы вырашыць яе выключна прадугледжанымі законам спосабамі і метадамі.

– У раёне створана трывалая судовая база, – гаворыць старшыня суда Маларыцкага раёна Вольга Смірнова. – У нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы, майстры сваёй справы. Асобна хочацца выказаць словы ўдзячнасці ў адрас вядучага спецыяліста суда Таццяны Краўчанкі (на здымку). Яна зай­маецца арганізацыяй дзейнасці суда і афармленнем дакументаў на скасаванне шлюбаў. Таццяна Пятроўна хоць спецыяліст і малады,  але  юрыдычна адукаваны,  мэтанакіраваны,  кампетэнтны, перспектыўны.

– Цікавасць да юрыспрудэнцыі ў мяне з’явілася падчас вучобы ў школе, – прызнаецца Таццяна Краўчанка. – Сваю жыццёвую сцежку  ўсвядомлена выбрала сама. З будучай прафесіяй канчаткова вызначылася ўжо ў 10 класе.

Пасля заканчэння Маларыцкай раённай гімназіі Таццяна Краўчанка паступіла вучыцца на юрыдычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Набыўшы спецыяльнасць “Правазнаўца”,  на першае месца працы прыехала ў суд Маларыцкага раёна,  дзе была назначана  сакратаром судовых пасяджэнняў. З чэрвеня 2020 года яна стала працаваць вядучым спецыялістам.

– У тым, што прафесія юрыста сапраўды мая, цяпер ужо канчаткова ўпэўнілася, – гаворыць Таццяна Пятроўна. – Дапамагла мне ў гэтым старшыня суда Вольга Смірнова, якая стала сапраўдным настаўнікам: вучыла працаваць з дакументамі, усё паказвала, расказвала. У першыя тыдні самастойнай працы трохі палохаў вялікі аб’ём дакументаў, якія трэба было аформіць, праверыць. Паступова, як кажуць, уцягнулася. Мне падабаецца работа, якой займаюся. Не выпадкова аб прафесіі юрыста кажуць: гэта – прызванне быць сумленным, справядлівым і прынцыповым. Гэта так, паколькі юрысты павінны забяспечваць вяршэнства закона ва ўсіх сферах нашага жыцця. Ад работнікаў юрыдычнай галіны залежыць бездакорнае выкананне законаў, а значыць, існаванне і прававое функцыянаванне дзяржавы.

У судзе Маларыцкага раёна Таццяну Краўчанку называюць правай рукой старшыні суда, паколькі ёй можна даверыць самы адказны і складаны ўчастак работы. Таццяна Пятроўна даручаную справу заўсёды выконвае якасна, прафесійна і ў тэрмін.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий