Як не даць, не ўзяць?

Як паказвае практыка, карупцыйныя праяўленні маюць месца практычна ва ўсіх сферах дзейнасці. Адным з іх з’яўляецца хабар. Што пад ім маецца на ўвазе? Хабар – гэта грошы ці матэрыяльныя каштоўнасці, даваемыя адказнай асобе як подкуп, як аплата караемых законам дзеянняў. Такое вызначэнне дае тлумачальны слоўнік.

Чаму людзі даюць і бяруць хабар?

Ёсць у сферах дзейнасці яшчэ нямала бюракратызму. Тады шляхам хабару лягчэй вырашаюцца пытанні. Для іншых асоб жаданне абагаціцца любым шляхам становіцца жыццёвай мэтай, некаторыя не могуць устаяць перад спакусай “лёгкіх грошай”, хтосьці становіцца на злачынны шлях па прычыне абставін, калі атрымаць неабходны даход законным шляхам немагчыма.

Летась на тэрыторыі раёна зарэгістравана 8 злачынстваў карупцыйнага накірунку, з якіх 6 адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Гэта дача і атрыманне хабару, крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Крымінальная справа была ўзбуджана ў адносінах грама­дзяніна М., які ў Маларыце перадаў у якасці хабару 400 долараў ЗША афіцэру в/с 2187 за прадастаўленне інфармацыі аб выездах нарадаў пагранічнікаў на мяжу. Таксама ўзбуджана кры­мінальная справа ў адносінах двух інспектараў Брэсцкай мытні, якія працавалі ў пункце мытнага афармлення “Олтуш” і атрымалі хабар у памеры 100 долараў за заведама незаконныя дзеянні па неафармленні перамяшчаемых таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. А ў адносінах грамадзяніна П., які перадаў ім гэты хабар, таксама ўзбуджана крымінальная справа.

Не выжыты факты крадзяжоў, калі адказныя асобы злоўжываюць сваімі службовымі паўнамоцтвамі, спадзеючыся, напэўна, на шанц, што “пранясе”. Вось прыклад. Інжынер-камплектоўшчык Б. з Маларыцкай ПМК-20 і вытворца работ Х. выкралі 20 кубічных метраў газасілікатных блокаў на агульную суму каля 3 мільёнаў рублёў. Крыху раней той жа вытворца работ выкраў 250 метраў металічнай арматуры, нанёсшы страту арганізацыі на суму больш чым 400 тысяч рублёў. Значыць, “не пранесла”. У выніку ў адно­сінах гэтых асоб узбуджаны крымінальныя справы.

А калі гаварыць пра найбольш буйныя крадзяжы, то найбольшы грамадскі рэзананс, як адзначаюць у сілавых структурах, вы­клікала летась узбуджэнне крымінальнай справы ў адносінах да вядучага бухгалтара па налічэнні зарплаты цэнтральнай раённай бальніцы М., якая шляхам пералічэння грашовых сродкаў на карт-рахункі шэрагу работнікаў бальніцы прысвоіла амаль 10,5 мільёна рублёў. Па выніках расследавання бу­дзе дадзена прававая ацэнка дзеянням іншых адказных асоб ЦРБ, якія ў адпаведнасці са сваімі службовымі абавязкамі павінны былі ажыццяўляць кантроль за расходаваннем грашовых сродкаў бальніцы.

Нядаўна на пасяджэнні каардынацыйнага савета, якое прайшло пад старшынствам Казіміра Лапіча, абмеркавана пытанне выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па барацьбе з карупцыяй на 2007 – 2010 гады.

Які самы эфектыўны спосаб барацьбы з гэтай моцнай заганнай з’явай? У раёне запланавана нямала мерапрыемстваў, што прадугледжваюць сацыяльна-эканамічныя меры, арганізацыйна-практычныя спосабы барацьбы з карупцыйнымі праяўленнямі. Трэба сказаць, што яны даюць свой эффект. Карупцыя ў нас адзначаецца на бытавым узроўні. Але калі чалавек выхаваны на Божых запаведзях, адна з якіх “Не ўкрадзі”, ён не будзе рабіць спроб даць ці ўзяць. Гэта, напэўна, самы эфектыўны спосаб барацьбы з карупцыяй.

Ніна СВІЦЮК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!