Гонар бацькоў і школы

Як мы ні прасілі Машу Дацык, робячы здымак, усміхацца, яна была сур’ёзнай. Аказалася, сур’ёзнасць – гэта тое, што вылучае Машу сярод яе равеснікаў. Зрэшты, такая ж  і Дзіяна, яе сястра, якая займаецца ўсяго толькі ў другім класе. З дзяўчынкамі, як я зразумела, можна абмяркоўваць самыя сур’ёзныя тэмы. Багатай была іх фантазія, калі мы гаварылі аб праблемах сучаснай школы. Маша і Дзіяна, па нашай просьбе аказаўшыся на момант у ролі міністра адукацыі, смела гаварылі пра тыя новаўвядзенні, на якія яны пайшлі б першачаргова, апынуўшыся ў міністэрскім крэсле. І першае, што зрабілі б, — дазволілі б цяперашнім школьнікам быць свабоднымі ў выбары вучнёўскай формы, прытрымліваючыся пры гэтым накірункаў сучаснай моды, маладзёжнага стылю, праўда, без крайнасцей. А яшчэ дзяўчынкі-“міністры” дапоўнілі б у школах колькасць секцый – самых разнастайных і па любых інтарэсах. Яны ж прысвойвалі б спецыяльнае званне тым настаўнікам, у якіх шмат вучняў-паслядоўнікаў.
Маша Дацык пакуль яшчэ дакладна не вызначылася з выбарам сваёй прафесіі, хаця яна мяркуе, што звязана яе прафесія будзе хутчэй за ўсё з матэматыкай – Машыным любімым прадметам, які цяпер выкладае ў іх маладая настаўніца Кацярына Віктараўна Глушчук.
Дзіяна любіць матэматыку таксама і ў той жа час цудоўна малюе, таму на вушка Машы шапнула, што сябе яна прысвеціць прафесіі мастака-дызайнера. Надта ж ёй падабаецца фантазіраваць і “класці” гэтую фантазію на паперу. Між   іншым, гэта не адзінае захапленне Дзіяны. Ёй яшчэ падабаецца сцэна, танцаваць, таму яна з вялікім задавальненнем наведвае танцавальны гурток, якім кіруе Ала Мікалаеўна Шабогіна. Не адзін раз ансамбль, у якім выступае Дзіяна, паказваў свае здольнасці на раённай сцэне. І дзяўчынка памятае, як цёпла прымалі іх гледачы.
А  Маша ў вольны час аддае перавагу спорту. Любіць валейбол, 5 гадоў сябруе з ролікамі. І, несумненна, акрамя вучобы і захапленняў, дзяўчынкі не цураюцца і працы на бабуліным агародзе, лічаць абавязковым дапамагчы маме з хатнімі справамі. Гэта ў іх правіле ў хаце прыбраць, у магазін схадзіць.
Бацькі Дзіяны і Машы – самыя звычайныя людзі. але сімпатычна тое, што Святлана Ісаакаўна і Эдуард Пятровіч добра выхоўваюць сваіх дзяцей, якімі не могуць нарадавацца не толькі дзядулі і бабулі, але і якіх ставяць у прыклад настаўнікі ў другой гарадской школе,  дзе Маша і Дзіяна Дацыкі зай­маюцца, імі захапляюцца сябры і аднакласнікі, усе, хто дзяўчынак ведае.
НА ЗДЫМКУ: вучаніцы другой гарадской школы Дзіяна і Маша ДАЦЫКІ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!