…ЧЫЕ ДУШЫ АПАЛІЛА ВАЙНА

У Маларыцкай сярэдняй школе №2 прайшла сустрэча былых выхаванцаў Маларыцкага дзіцячага дома і школы-інтэрната

Сустрэча былых выхаван­цаў Маларыцкага дзіцячага дома і школы-інтэрната зусім невыпадкова была прымеркавана да дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта вызваленне Маларытчыны ад ворага дало магчымасць хлопчыкам і дзяўчынкам, якія асірацелі ў страшныя гады фашысцкай акупацыі і вымушаны былі жыць у зямлянках, хавацца ў партызанскіх атрадах, атрымаць новае жыццё – дах над галавой, чысты ложак, ежу, цяпло і клопат. Дзіцячы дом з яго строгімі, але чулымі выхавальнікамі замяніў “дзецям вайны” іх бацькоў. Тут вучыліся яны працаваць, сябраваць, набывалі веды, каб потым, памацнеўшы, расправіўшы крылы, паляцець, нібы птушаняты з гнязда, у самастойнае жыццё.
Выхаванцаў дзіцячага дома і школы-інтэрната, якія ў розныя гады закончылі ўстанову, што замяніла ім бацькоўскі дом, лёс раскідаў у розныя куточкі былога Савецкага Саюза. Чатыры гады назад, пачуўшы аб сустрэчы ў Маларыце, многія з іх зляцеліся ў родныя пенаты. Тады вырашана было сустракацца часцей. І вось сёлета, 20 ліпеня, другая гарадская школа, якая была створана на базе школы-інтэрната, зноў прымала гасцей. Сюды, на сустрэчу са сваім дзяцінствам, прыехала больш за 40 выпускнікоў дзіцячага дома і школы інтэрната з Карэліі, Расіі, Украіны, многіх гарадоў і вёсак Беларусі.
Сённяшні будынак СШ №2 хоць і ўразіў гасцей сваёй прыгажосцю і добраўпарадкаванасцю, але асаблівых пачуццяў, па ўсім было відаць, не выклікаў. А вось наведванне старых карпусоў дзіцячага дома закранула самыя тонкія струны душы кожнага з былых выхаванцаў. “Вось тут стаялі ложкі, былі нашы спальні, – напаміналі яны адзін другому, наведваючы будынкі філіяла дзіцячай школы мастацтваў і Цэнтра дадатковага навучання. — А ў гэтым памяшканні быў склад, захоўвалася наша адзенне… І хоць сёння гэтыя будынкі маюць зусім іншы выгляд, але іх сцены па-ранейшаму дарагія сэрцу кожнага з былых выхаванцаў дзіцячага дома і школы-інтэрната сваім напамінам пра іх дзіцячыя радасці і слёзы, надзеі, мары, пра ўсё тое, што засталося ў тым далёкім часе.
Шчыра падзякаваўшы за тое, што знайшлі час, каб прыехаць у навучальную ўстанову, дзе прайшло іх дзяцінства, гасцей вітала начальнік раённага аддзела адукацыі Таццяна Лаўрэенка. Прыемныя хвіліны, у песнях і вершах расказваючы пра тое, як жывуць і вучацца сучасныя школьнікі, падарылі былым выхаванцам дзіцячага дома і школы інтэрната вучні школы. Удзельнікаў сустрэчы чакаў урачысты момант – пры непасрэдным удзеле былых выхаванцаў дзіцячага дома і школы-інтэрната была адкрыта памятная дошка гісторыі школы, на якой знайшлі адлюстраванне ўсе тры перыяды: 1944 год, калі быў утвораны дзіцячы дом, 1962 год, калі дзіцячы дом стаў школай-інтэрнатам, і 1977 год – год заснавання СШ № 2.
Глыбей акунуцца ў гісторыю, успомніць усе падзеі цяжкага ваеннага дзяцінства дапамагла гасцям экскурсія па школьнаму музею. Былыя выхаванцы – сталыя, сівавалосыя, з цікавасцю разглядвалі стэнды, гарталі, углядваючыся ў знаёмыя твары, альбомы са старымі фотаздымкамі,уважліва ўлоўліваючы кожнае слова, слухалі цікавыя расказы пра ваеннае і пасляваеннае жыццё Маларытчыны. З цікавай прапановай падзяліцца тымі фотаздымкамі, якія ёсць у сямейным архіве кожнага, звярнуўся да былых выхаванцаў дзіцячага дома і школы-інтэрната маларытчанін Валерый Савасціёнак, які збірае цікавыя фотаздымкі для фотаальбома Маларыты, што выйдзе ў свет у 2016 годзе.
Гасцей сустрэчы чакала яшчэ адна цікавая і хвалюючая падзея. Усе яны атрымалі ў падарунак кнігу “Дзеці вайны”, у якой сабраны ўспаміны многіх былых выпускнікоў дзіцячага дома і школы-інтэрната. Уручыць гэтыя кнігі арганізатарам сустрэчы дапамагла былая партызанка Марыя Струк. Яна напамінала кожнаму, якой значнай падзеяй з’яўляецца для ўсіх жыхароў Маларытчыны дзень вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў.
Не скупіліся на словы, на шчырыя ўспаміны і самі госці. Уладзімір Кучмінскі падарыў усім свой верш, кожны радок якога прасякнуты ўдзячнасцю да людзей, што сагрэлі сваім цяплом дзетдомаўскіх і інтэрнацкіх выхаванцаў; Аляксей Манец, заўважыўшы, што, дзякуючы цвёрдасці выхавання, ён атрымаў такую загартоўку, якая дапамагла выжыць у Сібіры, падарыў СШ №2 сваю чарговую кнігу, дзе таксама ёсць успаміны пра школу-інтэрнат; Любоў Нікалайчук, якая прыехала ў Маларыту з Расіі, з далёкай Уладзімірскай вобласці, дзялілася сваімі ўражаннямі ад убачанага, бо не была ў горадзе, дзе прайшло яе сіроцкае дзяцінства, цэлых 43 гады. У кожным слове ўсіх, хто дзяліўся ўспамінамі, адчувалася, якое вялікае значэнне для кожнага мае гэтае кароткае вяртанне ў дзяцінства. Нават тыя, хто па розных прычынах не змог прыехаць на сустрэчу, не засталіся безуважнымі да ініцыятывы сустрэцца ра­зам. З Мажайска Маскоўскай вобласці прыйшла на імя арганізатараў мерапрыемства тэлеграма ад былых выхаванцаў дзіцячага дома і школы-інтэрната Аляксея і Феадосіі Алесікаў, у якой адзначалася: “Віншуем удзельнікаў сустрэчы дзяцінства, юнацтва, апаленых вайной. Шкадуем, што не можам быць побач. Усім здароўя, шчасця!”
Удзельнікі сустрэчы ўсклалі кветкі да помнікаў загінуўшым воінам, праехаліся з экскурсіяй па вуліцах горада, паслухалі падрыхтаваную для іх канцэртную праграму. А ў завяршэнні сустрэчы прынялі рашэнне і далей падтрымліваць цесную сувязь з СШ №2, праводзіць юбілейныя сустрэчы былых выхаванцаў Маларыцкага дзіцячага дома і школы-інтэрната, арганізоўваць сумесныя экскурсіі і іншыя мерапрыемствы.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: група выхаванцаў школы-інтэрната (1963 г.); у час сустрэчы.
Фота аўтара і Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 27.07.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!