Ксёндз Юрый Хіневіч віншуе з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстова
Кожная каталіцкая сям’я ў перыяд Адвэнту пачынае рыхтавацца да Божага Нараджэння, але кожная робіць гэта на свой лад. Добра, калі бацькі паважаюць традыцыі і погляды Касцёла, але кепска, калі рэлігійным выхаваннем дзіцяці займаюцца толькі хросныя бацькі ці ўвогуле бабуля з дзядулем, або нават не займаецца ніхто. Усе любяць і чакаюць свята Божага Нараджэння.
Божае Нараджэнне – адно з галоўных святаў, і адносіны да яго, і разуменне яго сэнсу не прыйдуць да ўсіх самі па сабе. Касцёл, школа веры – гэта падмурак, вельмі істотны, але будаваць на ім павінны бацькі. Тое, што канкрэтна будуць святкаваць нашы дзеці і мы, залежыць найперш ад нас.
Самае галоўнае, каб мы і нашы дзеці разумелі, што Пан Езус нарадзіўся дзеля таго, каб потым мог нарадзіцца кожны з нас. Укрыжаваны за нас таксама быў Езус, а не Санта і не Дзед Мароз. Божае Нараджэнне – гэта вялікая перамога святла над цемраю. Пусціце Пана Езуса нарадзіцца ў сваім сэрцы і распавядзіце ўсім пра жывога Хрыста на прыкладзе асабістай жывой веры!
З нагоды Святаў Божага Нараджэння жадаем ўсім Божага Спакою і Радасці, якія б напаўнялі нашы сэрцы і сэрцы нашых блізкіх. Няхай гэты радасны час міне ў цёплай, сямейнай атмасферы.
Няхай Бог, які ёсць любоў, удзеліць усім вам у гэтыя дні святла і спакою, любові і ўзаемнай добразычлівасці, а таксама няхай будзе сярод вас.
Няхай бэтлеемская зорка, якая абвясціла Нараджэнне Збаўцы, асвятляе сваім ззяннем не толькі святочны час, але таксама ўсе дні Новага 2023 года.
Са Святам Раства Хрыстова!
Кс. Юрый Хіневіч,
пробашч Рыма-каталіцкай парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маларыце.
