Галоўны рэдактар “Зари” звяртаецца да чытачоў “раёнкі”

Шаноўныя чытачы!

Застаецца трохі больш за тыдзень,  як вы атрымаеце замест звыклай «раёнкі» камп­лект з двух друкаваных выданняў – абласнога і раённага. Пра гэта шмат гаварылі  і,  упэўнены, яшчэ будуць гаварыць.

Напрыклад, зусім нядаўна адна псеўдажурналісцкая арганізацыя выдала сенсацыю: “як даведалася служба маніторынгу” гэтага гуртка па інтарэсах, “тры дзяржаўныя «раёнкі» Брэсцкай вобласці з наступнага года губляюць самастойнасць”.

Інфармацыя пададзена так, як быццам “служба маніто­рынгу” адкрыла страшную таямніцу, хаця сакрэту з будучага перафарматавання раённых газет Ганцавіцкага, Жабінкаўскага, Маларыцкага раёнаў мы не рабілі. А што да «страты самастойнасці» або нават «знікнення «раёнкі», у чарговы раз скажу: «раёнка» застаецца. Дакладней, застанецца,  калі будзе адчуваць падтрымку свайго чытача.

Вам нішто не шкодзіць захаваць вернасць «раёнцы»: падпісная цана амаль не змяняецца. Але цяпер за той самы кошт вы маеце магчымасць атрымаць дзве газеты:  “Зарю” на дваццаці чатырох старонках і «раёнку» на васьмі.

Хтось адразу скажа: восем старонак на тыдзень – гэта не газета. Сапраўды страта самастойнасці і знікненне газеты са шматгадовай традыцыяй.

Але не спяшайцеся так казаць. Меркаваныя восем палос раённай газеты – гэта чысты, без дамешку, раённы кантэнт. Творчыя работнікі застаюцца ў рэдакцыях у ранейшай колькасці. Уся інфармацыя, якая раней дуб­лявалася ва ўсіх чатырох выданнях – ад афіцыйных паведамленняў да гараскопаў і тэлепраграмы – цяпер будзе размяшчацца толькі ў абласным выданні.

Такім чынам, вы, як мінімум, нічога не губляеце ў плане інфармаванасці пра жыццё раёна. Абласное выданне, у сваю чаргу, дасць вам панараму жыцця не толькі вобласці, але і краіны, замежжа, меркаванні аналітыкаў у самых розных сферах жыцця грамадства.

Зменіцца фармат рэкламы і падачы аб’яў. У вас з’явіцца выбар: калі вы хочаце, каб вашу аб’яву або віншаванне бачылі не толькі ў раёне, вы можаце размясціць яе не на палосах «раёнкі», а ў абласным выданні. Модульная рэклама будзе друкавацца выключна на “зарёвских” старонках. Спадзяюся,  прадпрымальнікам не трэба тлумачыць плюсы такога варыянту.

Рэклама і аб’явы Жабін­каўскага раёна будуць прымацца ў аддзеле маркетынгу і рэкламы абласной газеты па тэлефонах:

8 0162 20-04-01;

8 0162 20-04-11;

8 0162 55-90-55;

8 029 798-04-11;

8 029 249-04-11 (Viber).

Таксама да вашых паслуг электронная пошта utro@brest.by.

Жыхары Ганцавіцкага і Маларыцкага раёна могуць па-ранейшаму падаваць рэкламу ў сваё раённае выданне або таксама карыстацца прапанаванымі вышэй сродкамі сувязі.

Акрамя таго, каб не згубіць у адзначаных трох раёнах чытачоў поўнага камплекту “Зари”,  мы плануем павялі­чыць пасыл суботняга нумара у кіёскі “Белсаюздруку”.

Мы разумеем,  што ўсё адразу не будзе гладка. Перад намі, журналістамі аб’яднаных рэдакцый, стаіць нялёгкая задача як можна хутчэй злучыць новы калектыў, зладзіць дзейны механізм выхаду абноўленага выдання, як можна хутчэй знайсці яго твар. Таксама улічваем той нюанс, што шмат хто з лю­дзей ў прынцыпе не любіць змены,  нават калі гэта змены ў лепшы бок.  

Але ж  усё роўна верым,  што з дапамогай нашых чытатоў усё ў нас атрымаецца. Бо вы вартыя таго,  каб чытаць якасныя выданні.

З павагай,

Ігар Гетман,  галоўны рэдактар брэсцкай абласной газеты “Заря”.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий