Двайная надзейнасць

Калі малодшы з васьмі дзяцей Андрэя Рыгоравіча і Фёклы Георгіеўны Дацыкаў Мікалай прывёў у дом нявестку, яе прынялі тут як дачку. Галіна была аднавяскоўкай, таму бацькі Мікалая добра ведалі яе сям’ю, — працавітую і дружную. Яны не сумняваліся, што выгадаваўшыся ў такой сям’і, Галіна таксама не беларучка, яна ўмее і любіць працаваць, упраўляцца з усімі хатнімі справамі, што вельмі радавала свякроў і свёкра.
22 гады пражылі Галіна і Мікалай Дацыкі разам з бацькамі. І ўвесь час, як расказвала Галіна, ладзілі паміж  сабою,  асабліва з маці, бо была яна чалавекам добрым,  спагадлівым, умела ўступіць і дараваць. Таму калі злягла, Галіна не адмовілася, даглядала за ёю, як за родным чалавекам. Не раз, калі аднавяскоўцы прыходзілі праведаць свякроў, тая хваліла ім нявестку, што так добра абыходзіцца з ёй.
Нікуды не паехаў дажываць свой век і бацька Мікалая. І за ім сын з нявесткай даглядалі да смерці. А калі старых не стала, Мікалай і Галіна так і засталіся жыць у бацькоўскім доме. Тут траіх дзяцей сваіх выгадавалі, тут вяселлі ім спраўлялі. Сюды яны цяпер прыязджаюць ужо са сваімі дзецьмі.
…Першая сустрэча, першае спатканне, першы пацалунак, першае “кахаю”… Хто з нас не помніць такога. Жывуць у памяці сустрэчы і спатканні і ў Галіны і Мікалая Дацыкаў. Здаецца, што было гэта ўчора. Памятаюць, як чакалі яны гэтых сустрэч і спатканняў, як чакалі пісьмаў адзін ад аднаго, калі Мікалай у армію пайшоў. Служыць яму давялося ў Манголіі ў танкавых войсках. Краіна была чужая,  далёкая. Але юнак гэтага не адчуваў, бо ў Галініных пісьмах, акрамя шчырасці і цеплыні, прысутнічаў і той дух,  які звязваў яго з родным домам, з роднымі мясцінамі. Дзякуючы гэтаму Мікалай забываў, што ён на чужыне, далёка ад радзімы.
— Толькі і паспявала на яго пісьмы адказваць, — прызнавалася Галіна. – Бывала, што ў дзень па 2 лісты паштальён прыносіў.
Дэмабілізаваўся Мікалай у маі 1979 г., а ў лютым 1980 г. яны з Галінай згулялі вяселле.
Нездарма, напэўна, кажуць, што зімовыя шлюбы – такія ж моцныя, як зімовыя маразы. Моцным аказаўся сямейны саюз у Галіны і Мікалая Дацыкаў. 30 гадоў яны ідуць па жыцці плячо ў плячо, ладзяць не толькі дома, але і на рабоце: 20 гадоў муж   і жонка працуюць разам у сельскім магазіне. Стараюцца працаваць так, каб пакупнікі, іх жа аднавяскоўцы, не толькі не крыўдавалі, але і перавагу менавіта іх магазіну аддавалі. І трэба сказаць, што для большасці радзежцаў вясковы магазін “Прадукты”, дзе працуюць Галіна і Мікалай Дацыкі, па-за канкурэнцыяй.

НА ЗДЫМКУ: сямейны дуэт Галіны і Мікалая ДАЦЫКАЎ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!