ЛЮБІМЫ МОЙ ДВОРЫК

1.
У Сушытніцы не была даўно. Таму нядаўні прыезд сюды стаў, можна сказаць, своеасаблівым святам для душы. Прыгожая гэтая вёска, асабліва цяпер, летам. Па якой бы вуліцы ні ехаў, уражваюць дыхтоўныя і дагледжаныя дамы вяскоўцаў, парадак ля іх, мноства зялёных насаджэнняў і мора кветак.
2.
…Тады, калі калгас “Запаветы Леніна” (цяпер СВК “Хаціслаўскі”) ўзначальваў Леанід Іванавіч Ляонаў, разбудоўваліся і ўпарадкоўваліся ў сацыяльна-культурным плане не толькі цэнтр гаспадаркі – вёска Хаціслаў, але і Мельнікі, Сушытніца. Непадалёк была жывёлагадоўчая ферма, куды патрабавалася шмат спецыялістаў, і каб зацікавіць іх, Леанід Іванавіч найперш будаваў жыллё, развіваў сацыяльна-культурную сферу, газіфікаваў вёскі. Цяперашнія вуліцы Лясная, Першамайская ў Сушытніцы ў асноўным і забудаваны аднатыпнымі дамамі. Леаніду Іванавічу Ляонаву хацелася, каб людзі, якія вырошчваюць хлеб, дояць кароў, гадуюць жывёлу – кормяць рэспубліку і краіну СССР, жылі не горш за тых, хто гэтую прадукцыю спажывае. Каб і ў іх дамах было цёпла, утульна, каб было куды прытуліць дзяцей, калі бацькі на рабоце, каб магазін быў побач, школа. Вось чаму ахвотна тады і заставаліся ў гаспадарцы маладыя, свае, мясцовыя. Больш таго, у Хаціслаў з вялікім жаданнем ехалі дзяўчаты з суседніх раёнаў Украіны. Уладкоўваліся на працу, затым выходзілі замуж за мясцовых кавалераў, абзаводзіліся дзецьмі. Таму ў дамах, што на вуліцах Першамайская, Лясная і іншых і жывуць цяпер у асноўным інтэрнацыянальныя сем’і.
Вядома, у кожнай з іх свае традыцыі, але ўклад жыцця цяпер наш, беларускі. У Сушытніцы не пабачыш пустых, разваленых дамоў, беспарадку ля іх, тут кожны добра ведае, што двор – візітная картка гаспадара. Таму кожны стараецца паказаць свой “твар” дагледжаным.
3.
Вучыцца гэтаму было і ёсць у каго. І найперш у карэнных жыхароў Сушытніцы, якія даражаць традыцыямі сваіх продкаў, клапоцяцца аб прыгажосці свайго роднага куточка.
Сярод такіх сям’я Марыі Мікалаеўны і Івана Міхайлавіча Кірычукоў. Іх дом, двор – узор таго, што можа зрабіць гаспадарлівае вока. А зрабіць яно можа іншы раз больш, чым дзве рукі.
— У бацькоўскім доме мы пасяліліся, калі пераехалі з Малдавіі, — расказваў Іван Міхайлавіч. – А гэта 14 гадоў таму назад. Сядзіба вялікая, прасторная, у добрым, прыгожым і спакойным месцы, побач лес, таму адразу ўзнікла жаданне абуладкаваць яе, задзейнічаць зямлю, каб яна не проста існавала, а радавала.
На падворку, побач з домам і вакол яго шмат кветак. Тут і рамонкі, і ружы, і лілеі самых розных відаў і шмат-шмат іншых прыгажунь. Побач з імі ўпэўнена адчувае сябе гародніна, адных толькі таматаў пасаджана больш за паўтары тысячы кустоў, перац і вінаград малдаўскіх гатункаў і г.д.
За ўсім гэтым старанна даглядае гаспадыня Марыя Мікалаеўна. Але і гаспадар Іван Міхайлавіч, і сыны не адмаўляюцца ў нечым жонцы і маме дапамагчы, бо і яны гэтак жа любяць, каб быў парадак. Папрацаваць трэба нямала, участак жа ля дома вялікі, і кожнае з пасаджаных зялёных насаджэнняў, кожная кветачка, несумненна, патрабуюць шмат клопатаў. Яны, як і ўсё жывое, любяць, калі ім аддаюць частачку сваёй душы.
4.
Акрамя вялікага прысядзібнага ўчастка, у Івана Міхайлавіча і Марыі Мікалаеўны немалая і падсобная гаспадарка, якая зноў жа адымае шмат часу. Але затое як прыемна частаваць малачком ад сваёй кароўкі ўнукаў, а яны любяць бываць у бабулі і дзядулі, ці каўбаскай са свініны з ўласнай гаспадаркі.
Словам, Марыя Мікалаеўна і Іван Міхайлавіч – з кагорты таго пакалення, якое ўмее і любіць працаваць, добра ведаючы, якімі салодкімі і прыемнымі бываюць плады гэтай працы.
І няхай гэтая праца не заўсёды акупаецца ўраджайнымі пладамі, год на год не прыходзіцца, але карысць ад яе заўсёды ёсць і вялікая.
— Выйдзеш раніцай на вуліцу, — кажа Марыя Мікалаеўна, — а цябе ветліва сустракаюць кветкі. Паглядзіш на іх прыгажосць, паразмаўляеш з імі і настрой яшчэ больш узнімаецца. А добры настрой – гэта ж добрае здароўе.
5.
Зрэшты, насенне ці расаду кветак Марыя Мікалаеўна не шкадуе даваць і іншым. Як не шкадуюць і для яе. Былі ў гасцях у Гродна, і адтуль прывезлі неапісальнай прыгажосці гарлачыкі. Больш камфортна яны адчуваюць сябе ў вадзе. Таму Марыя Мікалаеўна і Іван Міхайлавіч, улічыўшы гэтую акалічнасць, размясцілі іх у старой ванне, якая ніколькі не сапсавала пейзаж у двары.
— Сушытніца наша сапраўды прыгожая: зялёная і кветкавая, — кажа Марыя Мікалаеўна. — Жыві, працуй, пакуль Бог дае сілы, і радуйся кожнаму новаму дню.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: Марыя Мікалаеўна і Іван Міхайлавіч КІРЫЧУКІ ў двары свайго дома; утульна адчуваюць сябе гарлачыкі ў такіх гаспадароў.
Фота Мікалая НАВУМЧЫКА.

Опубликовано в «ГЧ» 7.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!