“А ГЭТА ТЫ?”

Праз 50 гадоў сустрэліся ў роднай школе выпускнікі

Былыя выпускнікі ўстаноў адукацыі традыцыйна збіраюцца на вечар сустрэчы ў першую суботу лютага. Некалькі гадоў пасля заканчэння школы такія сустрэчы праходзяць часта. Чым далей ляціць час, тым менш у назначаным месцы збіраецца разам былых аднакласнікаў. На гэта ёсць многа прычын, бо па-рознаму складваецца жыццёвая дарога.Нямногім ўдаецца сабрацца разам праз 50 гадоў. А вось яны, чый узрост ужо 68-69 гадоў, змаглі.Сустрэліся ў ліпені ў сваёй роднай школе. Менавіта са сцен сённяшняй школы мастацтваў яны вылецелі ў свет і цяпер пражываюць у розных гарадах былога СССР, а таксама – у Хаціславе, Збуражы, Мельніках, Замшанах…Вучні 11 класа другога выпуску 1963 года Маларыцкай сярэдняй школы.18 чалавек, 6 юнакоў, 12 дзяўчат. Нехта нават прынёс вялікі па памерах выпускны агульны фотаздымак. Усе з цікавасцю сталі яго разглядаць. Столькі светлых успамінаў, эмоцый, шчасця і радасці ў вачах. “А памятаеш… А гэта ты… А дзе цяпер наша… Нядаўна ў Маларыце я сустракаўся з…” – такім рэплікам не было канца.
Фотаздымак, сапраўды, унікальны і рэдкі.На фотаздымку– толькі 8 настаўнікаў і дырэктар школы. Ім тады была Любоў Іванаўна Ляўчук, а класным кіраўніком – Валянціна Муратаўна Кучук.
На сустрэчы прысутнічалі і былыя настаўнікі выпускнікоў 1963г.: Анатоль Дзмітрыевіч Крысін (выкладаў фізічную культуру), Яніна Іосіфаўна Юралайц (нямецкую мову), Кацярына Ільінічна Серада (хімію), Марыя Сцяпанаўна Кісялевіч (гісторыю), Людміла Адамаўна Гумінская (рускую мову і літаратуру).
-Я тры гады ў іх выкладала рускую мову і літаратуру, — успамінае Людміла Адамаўна. – Добра памятаю іх усіх. Як і ў кожным класе, былі тыя, хто вучыўся добра, і хто трошкі ленаваўся. Прыемна ўсведамляць, што ўсе выпускнікі 1963г. сталі сапраўднымі людзьмі, якія самааддана працавалі на карысць роднага краю, Радзімы.
-50 гадоў пасля заканчэння адзінаццаці класаў праляцелі як адно імгненне, — кажа Любоў Колпікава, адна з арганізатараў сустрэчы. – З некаторымі аднакласнікамі бачымся часта, з іншымі – рэдка. І праз паўстагоддзя мы з задавальненнем успамінаем сваю школу, тых, з кім вучыліся разам не адзін год. Самыя светлыя ўспаміны засталіся пра любімых нашых педагогаў. Яны ў нас былі самыя лепшыя. Як прыемна, калі цябе сустракае на вуліцы школьны настаўнік і, усміхаючыся, пытаецца: “Ну, як у цябе ідуць справы?”
Выпускнікі пабывалі ў класе, дзе калісьці вучыліся. Менавіта тут многія вярнуліся на імгненне ў мінулае і ўспомнілі свае адказы ля дошкі, паказалі месца, дзе стаяла парта, за якой сядзелі. Яны нават памятаюць да гэтага часу сваю першую настаўніцу, надвор’е, якое было 1 верасня 1952г., калі ішлі ў першы клас, тэму сачынення па літаратуры на выпускным экзамене, многія вершы на памяць са школьнай праграмы, свае першыя пяцёркі, працоўныя дэсанты, спартыўнае жыццё…
У час святочнай праграмы, якую вяла Ганна Іванаўна Свірыдава (разам вучылася з выпускнікамі 1963г. да 8-га класа), з 50-годдзем з дня заканчэння школы прысутных віншавалі выхаванцы Нядзельнай школы і пеўчыя хору Свята-Мікалаеўскай царквы райцэнтра.

* * *
Выпускнікі 1963г. не сталі парушаць традыцыю. Як і 50 гадоў таму, яны разам пайшлі сустракаць світанне.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час сустрэчы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 7.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

“А ГЭТА ТЫ?”: 1 комментарий

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!