Максім Васіліцкі: “Быць выратавальнікам – годная і ганаровая для мужчыны справа”
Максім Васіліцкі – маёр унутранай службы, які ўжо амаль два гады працуе старшым інжынерам сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Ужо 18 гадоў ён працягвае справу свайго бацькі Васіля Фёдаравіча, які гэтай прафесіі аддаў 21 год. Дарэчы, ён з 2001 па 2006 гады займаў пасаду начальніка Маларыцкага раённага атрада па надзвычайных сітуацыях. Васіль Васіліцкі – адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Пасля заканчэння Макранскай сярэдняй школы пытанне, якую выбраць прафесію, перад Максімам Васіліцкім не паўставала, бо з дзяцінства юнак дакладна ведаў, што стане толькі выратавальнікам. У яго быў станоўчы прыклад – бацька. Пад бацькоўскім уплывам і сфарміраваўся ў юнака светапогляд. Таму іншай думкі, як звязаць жыццё са службай выратавання, зусім не ўзнікала.
– Пасля заканчэння Макранскай сярэдняй школы вырашыў падаць дакументы ў Гомельскі камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, – гаворыць Максім Васіліцкі. – Каб вучыцца на стацыянары, не хапіла некалькіх балаў. Крыўдна было за сябе, але такая акалічнасць ахвоту стаць выратавальнікам не адбіла. Вырашыў, што ўсё роўна ім стану.
Максім Васільевіч надумаў падаць дакументы на завочнае аддзяленне, каб набыць спецыяльнасць “Інжынер па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”. Знайсці працу па спецыяльнасці, якую набываў, адразу не атрымлівалася, бо ў раёне тады не было вакансій. Каб не марнаваць час, юнак паступае вучыцца ў Маларыцкае прафтэхвучылічышча №155, пасля яго заканчэння ўладкоўваецца вадзіцелем у СВК “Макраны”. Аднак мара стаць выратавальнікам па-ранейшаму не пакідала.
– У студзені 2005 года яна нарэшце збылася, – гаворыць Максім Васіліцкі. – Я быў прыняты на службу ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Першая мая пасада – камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў Чарнянах, пазней – у Макранах, а пасля стаў працаваць начальнікам каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1.
Прыкладам у працы для мяне заўсёды і ва ўсім з’яўляецца бацька. Ён як той маяк, з якім звяраю свой прафесійны шлях. Быць падобным на бацьку – значыць пераняць у яго самае каштоўнае, развіваць, паляпшаць тое, што ён умее рабіць для выніковай і эфектыўнай работы. Да яго, бывае, яшчэ і цяпер звяртаюся па дапамогу. І ён ніколі не адмаўляе. Пры неабходнасці дае прафесійныя парады, падказвае, з ахвотаю дзеліцца вопытам работы.
Штодзённыя абавязкі Максіма Васільевіча разнастайныя. Гэта планаванне дзейнасці сектара, падрыхтоўка дакументацыі, інфармаванне аб пагрозе ўзнікнення надзвычайных сітуацый, аб выяўленых недахопах, якія могуць прывесці да іх.
– Мне работа па душы, – кажа Максім Васіліцкі. – Я люблю сваю прафесію і тое, чым займаюся. Таму не шкадую, што аднойчы зрабіў выбар на яе карысць. Жыццё людзей – найважнейшы скарб, які трэба берагчы. Быць выратавальнікам – годная і ганаровая для мужчыны справа.
Максім Васільевіч – чалавек вопытны, адказны, адкрыты, які добрасумленна адносіцца да даручанай справы, у любы момант здольны дапамагчы людзям як словам, так і справай.
За сваю нялёгкую работу ён узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені, нагрудным знакам “165 гадоў пажарнай службе”, юбілейным медалём “20 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь”.
Мікалай НАВУМЧЫК.