ТЫ ЛЕПШЫ, АРЦЁМ!

У ліку лепшых на жніве – малады вадзіцель з СВК “Ляхаўцы” Арцём Чыкіта. Яго прозвішча з першых дзён уборкі збожжавых – на Дошцы гонару ў раённай газеце “Голас часу”. Малады вадзіцель абагнаў многіх старэйшых. Ён другім у раёне, пасля Анатоля Галянчука з СВК “Арэхава”, перавёз першую тысячу тон зерня. Каштоўны падарунак яму ўручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў.
…За рулём “МАЗа 555142” не проста вадзіцель, а тэхнік-механік. Год назад Арцём Чыкіта прыехаў па размеркаванню ў СВК пасля Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа. Адразу працаваў па спецыяльнасці, потым захацелася сесці за баранку, каб лепш адчуваць “сэрца” аўтамабіля, тым больш, што рукі хлопца ў гаспадарцы не былі лішнімі. І гэта бясцэнны вопыт зносін з тэхнікай, лічыць Арцём. І з зямлёй таксама. Перад жнівом усё скрупулёзна падрыхтаваў да работы, таму МАЗ, якому ўжо 5 гадоў, бегае без паломак. А гэта вельмі важна ў спаборніцтве. Таму Арцём аказаўся лепшым. Калі збожжа было многа, хлопцу даводзілася рабіць у дзень да 15 рэйсаў з поля на ток і дастаўляць да 100 тон зерня.
— Лепшым быць, зразумела, прыемна, хаця я такой мэты не ставіў, а проста вазіў зерне, і мне было гэта цікава. Цікава назіраць было, як з кожным днём у засеках станавілася больш ураджаю. За падарунак дзякуй! Жонку сапраўды сёння абрадую…
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар МАРУШАЎ віншуе вадзіцеля СВК “Ляхаўцы” Арцёма ЧЫКІТУ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 10.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!