Наталля Хатынюк – пераможца раённага этапу абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог сацыяльны года-2023”
Падведзены вынікі раённага этапу абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог сацыяльны года-2023”. Яго пераможцам стала педагог сацыяльны Наталля Хатынюк з сярэдняй школы №1 Маларыты. Другое месца ў конкурсе заняла Анастасія Саўчук з Макранскай СШ, трэцяе – Людміла Янч, настаўніца з Чарнянскай СШ.
Удзельнікі конкурсу на суд журы прадстаўлялі мультымедыйную прэзентацыю “Візітная картка”, адкрытае мерапрыемства з вучнямі ці іх бацькамі ў відэафармаце “Майстар-клас”, а таксама ўласны вопыт сацыяльна-педагагічнай дзейнасці. Па суме гэтых іспытаў найбольшую колькасць балаў і набрала Наталля Мікалаеўна.
Наталля Хатынюк – вопытны сацыяльны педагог, педагагічны стаж яе работы ва ўстановах адукацыі Маларытчыны складае ўжо 22 гады. Яна скончыла Пінскае педагагічнае вучылішча, а пасля Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Сацыяльная педагогіка”. Наталля Мікалаеўна сваю педагагічную дзейнасць пачынала ў СШ №3 райцэнтра акампаніятарам, а з 2003 года працуе сацыяльным педагогам.
– Цяжкіх дзяцей не бывае, – гаворыць Наталля Хатынюк. – Ёсць тыя, каму не хапае звычайнай ўвагі, хто праяўляе агрэсію таму, што вакол нямала канфліктных сітуацый. Кожны падлетак – гэта непаўторны і асаблівы мікрасвет, які існуе, развіваецца, аналізуе, імкнецца дасягнуць пэўных вышынь. І ў гэтым яму дапамагае сацыяльны педагог. Мая прафесія шматгранная. Мы адначасова і псіхолагі, і выхавальнікі, і юрысты, і арганізатары… Сацыяльны педагог – гэта хутчэй не прафесія, а асаблівы стан душы, лад жыцця, жаданне дапамагчы дзецям знайсці сябе, сцвердзіцца. Галоўнае ў нашай справе – умець слухаць, чуць і разумець кожнага вучня. Сваю прафесію лічу прэстыжнай, запатрабаванай, цікавай.
Мікалай НАВУМЧЫК.