Зачараванне душы

…Сімпатычная пышнавалосая маладая жанчына, якая спыніла сваю машыну, каб падвезці мяне ў спадарожным накірунку, упэўнена і смела кіравала аўтамабілем. І хоць адцягваць увагу вадзіцеля ў час руху забараняецца, я з дазволу Святланы, так звалі маю спадарожніцу, усё ж задала ёй некалькі пытанняў. А  спачатку расказала, чаго еду ў Радзеж. На лаўца і звер бяжыць. Пашанцавала і мне. Прозвішча жанчыны, як аказалася, таксама Дацык. Таму я і пачала “раскручваць” яе. Пачуўшы некалькі адказаў на свае пытанні, зразумела: Святлана — чалавек унікальны, светлай і багатай душы, а яшчэ – філосаф і рамантык. Калі ласка, самі пераканайцеся, прачытаўшы яе маналог:
— Прозвішча для мяне асацыіруецца з часткай роду. Мы ўсе ведаем аб цяперашніх нашых родных, якія носяць, як і мы,  аднолькавае прозвішча, а вось аб мінулым… Ведаць жа свой род, свае карані карысна і трэба кожнаму чалавеку. Важнасць тут заключаецца ў тым, што калі мы будзем ведаць і любіць сваё мінулае, гэтая любоў не знікне і ў будучым.
Молячыся за сваіх родных бабулю і дзядулю, спадзяюся, што будзе каму памаліцца і за мяне.
Думаючы аб продках, стараюся ўявіць, якімі яны былі. Можа, нехта з іх любіў маляваць? І па гэтай прычыне і ў мяне такая цяга да малявання, да карцін і да ўсяго цудоўнага.
…Святлана і на гэты раз, як прызналася мне, ехала ў той жа райскі куточак, які некалі выпадкова для сябе знайшла. І зноў па-філасофску разважала:
— Доўга шукала і, нарэшце, знайшла для сябе райскі куточак, дзе душа мая адпачывае ад усіх работ і трывог. Месца суму займае радасць.
Казачная лавачка пад елкаю на цудоўным участку зямлі, змайстраваная з любоўю да свайго дома, да сваёй малой радзімы, мноства кветак і прыгажосць каралеў-руж… Дзве хвоі, што зрасліся ў адну, і сабачка, які міла гуляе сам з сабою, – усё гэта так замілоўвае. Калі сяджу на любімай мною лавачцы і назіраю заход сонца,  душу ахоплівае захапленне і агульнасць быцця са Стваральнікам. А ўбачыўшы мілую ўсмешку і добрыя вочы гаспадыні, якая па-ранейшаму застаецца маладой душой, а ў яе вачах — яшчэ іншыя вочы, становіцца зразумелым, чаму так палымнеюць ружы ў гэтым садзе. І лішні раз пераконваешся: ёсць у нашым свеце дабрыня, любоў. За імі і будучае.
…Са Святланай я прыехала і назад. Але мы з ёю не развітваліся. Дамовіліся, што сваімі філасофскімі разважаннямі і цікавымі думкамі яна абавязкова будзе дзяліцца з чытачамі нашай газеты.
НА ЗДЫМКУ: рамантык Святлана ДАЦЫК.
Фота з сямейнага альбома.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!