Неадольная цяга да зямлі

Іван Жукаў стаіць на ўскрайку поля і глядзіць удалячынь. Тут, ля Замшан, фермер на 50 сотках пасадзіў адну тысячу кустоў буякоў (голубика-русск.). Цяпер вока радуюць роўныя рады зялёных кустоў гэтай садовай ягады. Іван Іванавіч аб нечым думае, а пасля няспешна накіроўваецца да плантацыі.Усмі­хаючыся, ён спрабуе далікатна дакрануцца рукой да кожнага куста. Здаецца, што Іван Жукаў так вітаецца са сваімі гадаванцамі. У яго ўсё сагрэта любоўю і ласкаю. Клопат пра іншых – адна з галоўных рыс характару Івана Жукава.
-Буякі вырошчваю з вясны мінулага года, — кажа Іван Іванавіч. — Пладаносіць яны пачынаюць на трэці-чацвёрты год. Аднак пасадзіць ягаду, прытрымліваючыся ўсіх правілаў агра­тэхнікі, – гэта яшчэ толькі палова справы. Вынік будзе тады, калі правільна і пастаянна ягаду даглядаеш, своечасова абараняеш ад шкоднікаў і розных хвароб. Каб атрымаць добры ўраджай, патрэбна працаваць не адзін месяц. Шчыра, старанна, самааддана.
А Івану, якому ўласцівы гаспадарская свядомасць, гаспадарская жылка, гэтага не пазычаць. Любоў да працы перадалася яму ў спадчыну ад бацькоў і дзядоў. У дзяцінстве ў Івана была запаветная мара – мець зямлю (каб была свая), апрацоўваць яе, вырошчваць усё неабходнае. Ды і любоў у яго сэрцы жыла асаблівая — да зямлі. Іван Жукаў яшчэ тады, у маленстве, зразумеў, што яна — скарб, бяздоннае і невычэрпнае багацце.
— Усе сілы чалавека — у зямлі, — разважае Іван так, як і хрэстаматыйны мележаўскі Васіль. — І сіла ўся, і радасць. Няма яе — няма і чалавека. Святасць зямлі, асабліва роднай, была несумненнай для нашых прадзедаў. Яе абаранялі, абараняла і яна. Накіроўваючыся ў далёкі шлях, абавязкова бралі прыгаршчы роднай зямліцы і захоўвалі яе на грудзях у мяшочку. Перакананы, што зямля — гарантыя дабрабыту, залог годнага жыцця.
Іван Жукаў з тых, хто, як кажуць у народзе, назаўсёды “прыкіпеў”, прырос да зямлі, пусціў у яе трывала і моцна свае карані. Яна для Жукава з’яўляецца яшчэ і ўмовай рэалізацыі сваіх прыродных якасцей, земляробскага таленту.
Арандатарам Іван Іванавіч стаў яшчэ ў 2001г. Праўда, зямлі тады было толькі 3 га. Сваю справу пачынаў з вырошчвання капусты, бульбы, морквы, памідораў, парэчак…Можна сказаць, эксперыментаваў, спрабаваў. Шукаў сваю нішу. Нават заклаў сад, а таксама на працягу 10 гадоў вырошчваў клубніцы. Цяпер Іван Жукаў 3 гектары зямлі арандуе і яшчэ мае 7 гектараў як фермер. Ёсць дзе развярнуцца.
— Неяк на сямейным савеце разам з жонкаю Вольгаю, дасканала ўзважыўшы ўсе “за” і “супраць”, вырашылі паспрабаваць вырошчваць буякі, — кажа Іван Жукаў. — Для гэтага неабходна было месца, якое добра асвятляецца сонцам, дзе лёгкая, не гліністая, кіслая глеба, наяўнасць вільгаці. Такое поле “знайшлі” ля Замшан. Калі ўсё падрыхтавалі, набылі пасадачныя кусты буякоў пэўных гатункаў. Працы ў іх ужо ўкладзена шмат. У гэтым годзе паспрабавалі нават першых ягад. Яны вельмі смачныя і пажыўныя.
Пытанняў з рэалізацыяй наогул няма. Вырашчаную экалагічна чыстую прадукцыю Івана Іванавіча ахвотна набываюць у Брэсце, Мінску, а таксама ў Маларыце. Цвятную капусту ў мінулым годзе, напрыклад, закупіў у фермера кансервавагарод­нінасу­шыльны камбінат. Важная дэталь — для апрацоўкі зямлі ёсць уласная тэхніка.
— Яе набыццё адразу зняло многія пытанні, — гаворыць Іван Жукаў. — Цяпер у любы момант можна вырашаць неабходнае і першачарговае. У гэтым плане я стаў незалежным (смяецца).
— А што яшчэ плануеце вырошчваць?
— Задумак многа. Каб займацца нечым канкрэтна і сур’ёзна, аднаго жадання зусім мала. Трэба ўлічваць многія фактары: прыродна-кліматычныя ўмовы Маларытчыны (не ўсё ж можа вырасці на нашых землях), дзе рэалізаваць прадукцыю, ці будзе на яе попыт, і інш. Аднак самае галоўнае для мяне — ісці наперад, працаваць і працаваць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Іван Жукаў, замшанскі фермер, на плантацыі буякоў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!