Падрабязна аб выплатах адраснай дапамогі
Выплаты адраснай дапамогі ў нашай краіне прызначаюцца пэўным катэгорыям грамадзян. Яны вызначаюцца на заканадаўчым узроўні і залежаць ад дзяржаўнага бюджэту, эканамічнага становішча, а таксама прычын страты матэрыяльнага дабрабыту. Сістэма дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ўключае некалькі відаў. Пра гэта мы гаворым з начальнікам аддзела адраснай дапамогі, быту і сям’і, намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маларыцкага райвыканкама Наталляй ІОЛАП.
– Наталля Пятроўна, колькі сем’яў звярнулася па адрасную сацыяльную дапамогу за 2022 год?
– У жыцці людзей здараюцца сітуацыі, калі без дапамогі, у тым ліку і матэрыяльнай, не абысціся. У некаторых выпадках можна разлічваць на падтрымку з боку дзяржавы. Мы стараемся нікога не абыходзіць увагай: цяпер для сацыяльнай абароны характэрна дыферэнцыяцыя, улічваюцца патрэбы кожнага маламаёмнага чалавека і сям’і. У мінулым годзе, напрыклад, у Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за адраснай сацыяльнай дапамогай звярнулася 393 сям’і і адзінокіх грамадзян. Сума выплачанай дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі склала на 6% больш у параўнанні з 2021 годам.
– Якія дзяржаўныя дапамогі атрымліваюць маларытчане?
– Значная частка дзяржаўных сродкаў выдаткоўваецца ў выглядзе дапамог. Іх атрымлівае 143 сям’і, дзе выхоўваюцца дзеці ва ўзросце да трох гадоў, 161 сям’я, дзе выхоўваюцца дзеці пасля трох гадоў. Атрымальнікамі дапамог з’яўляюцца таксама 139 чалавек, якія даглядаюць інвалідаў І групы, асоб, што дасягнулі 80-гадовага ўзросту, дзяцей- інвалідаў да 18 гадоў. Не застаюцца па-за ўвагай дзяржавы пажылыя і непрацаздольныя грамадзяне. Ім таксама аказваецца матэрыяльная падтрымка. У 2022 годзе яе выкарысталі 242 чалавекі.
Летась на выкананне мерапрыемстваў, прадугледжаных Дзяржаўнай праграмай “Сацыяльная абарона”, асвоена грашовых сродкаў на 8% больш, чым у 2021 годзе.
Хацелася б яшчэ звярнуць увагу і на такія моманты. У 2022 годзе выплачана аднаразовая матэрыяльная дапамога да новага навучальнага года, якую атрымалі 764 сям’і, дзе выхоўваецца трое і больш дзяцей (усяго 1224 школьнікі), якія навучаюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.
За мінулы год Маларыцкім раённым выканаўчым камітэтам прынята 147 рашэнняў ў дачыненні да сямейнага капіталу: 65 – аб яго прызначэнні, 82 – аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу, у тым ліку 53 – на паляпшэнне жыллёвых умоў, 16 – на атрыманне платнай адукацыі, 12 – на медыцынскія паслугі, адно – аб адмове ў прадастаўленні права атрымання.
Тры шматдзетныя маці, якія пражываюць на Маларытчыне, што нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей, узнагароджаны ордэнам Маці. Сума выплачаных ім сродкаў склала 4 927 рублёў са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Наогул, у раёне 131 жанчына ўзнагароджана ордэнам Маці, акрамя таго, выдадзена 71 пасведчанне шматдзетнай сям’і.
– Наталля Пятроўна, сацыяльныя паслугі – гэта, напэўна, таксама дапамога. Што ўжо зроблена на Маларытчыне ў гэтым накірунку?
– З мэтай стварэння бяспечных умоў жыццядзейнасці пажылых людзей, людзей з інваліднасцю ў раёне працягнута работа па развіцці інавацыйных форм сацыяльнага абслугоўвання. Напрыклад, гасцявой сям’ёй ахоплена 23 чалавекі, патранатнай – 28, прыёмнай – 3, санаторыем дома – 3 чалавекі. Таксама арганізавана аказанне сацыяльных паслуг адзінокім інвалідам І групы ў форме сацыяльнага абслугоўвання ў замяшчальнай сям’і (6 сем’яў), заключана 7 дагавораў з назначэннем штомесячнага грашовага ўзнагароджання памочнікам.
Гутарыў Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.