Аранжарэя – для жонкі

Прыгожы і ўтульны дом нельга ўявіць без пакаёвых раслін, яркая зеляніна якіх заўсёды радуе вока. У адных вазонаў менш, у другіх – больш. Нехта вырошчвае пакаёвыя кветкі таму, што прынята, каб у доме было хоць некалькі раслін. А вось для Алены Паўлючык, маларытчанкі, пакаёвае кветкаводства стала любімым хобі.
– Калі бываю ў гандлёвых кропках і бачу прыгожыя расліны, якіх у мяне пакуль няма, – кажа Алена Мікалаеўна, – то цяжка ўстрымацца, каб не купіць ўсе адным махам. Буду сабе ў нечым адмаўляць, але вазон, які спадабаўся, куплю абавязкова.
У жывой хатняй калекцыі, якую Алена Паўлючык збірае амаль 10 гадоў, ужо каля ста відаў розных вазонаў.
– У мяне сёння ўжо налічваецца 210 пакаёвых кветак, – гаворыць мая субяседніца і праводзіць экскурсію па сваім міні-батанічным садзе, дзе жывуць папугаі. – Ёсць архідэі. Гэта мае любімыя кветкі, іх налічваецца 10 відаў. Ёсць таксама зебрына, антурыум, дыфенбахія, стэфаноціс, стрэптакарпус, плаціцэрыум, псеўдэрантэмум, калатэя і інш.
Алена Мікалаеўна называе кветкі, паказвае і расказвае пра асаблівасці догляду за імі. Для мяне не толькі цяжка дакладна запомніць усе назвы з першага разу, але некаторыя нават і вымавіць. А для Алены Паўлючык гэта – звычайная з’ява. Жанчына перш, чым набыць нейкую пакаёвую кветку для сябе, у даведачнай літаратуры і энцыклапедыях шукае падрабязную інфармацыю пра яе. Трэба ведаць, што набываеш і як яе вырошчваць.
– Каб кветка радавала вока не адзін дзень, неабходны догляд. Кожная “пакаёўка” па-рознаму рэагуе на святло, тэмпературу, вільготнасць… Вырошчванне раслін у доме – захапляльны занятак, ад якога атрымліваю многа станоўчых эмоцый. Таксама ёсць вазоны ў мяне, якія, акрамя ўпрыгожвання інтэр’еру, маюць карысныя ўласцівасці для чалавека. Для мяне важна і тое, што даглядаць за пакаёвымі кветкамі дапамагаюць муж Міхаіл і дзеці Вікторыя, Валерыя і маленькі Сашка.
– Алена Мікалаеўна, адкуль у вас кветкі, дзе іх набываеце?
– Сёння іх набыць – не праблема. Я выпісваю, купляю, абменьваюся са знаёмымі. Вырошчваю з насення, лісткоў, цыбулін, парасткаў… Кветкі як малыя дзеткі: патрабуюць увагі, клопату, ласкі, чуйна рэагуюць на добрае слова. Таму дзяцей прывучаем зусім не шумець і дрэнных слоў не гаварыць.
У Алены Паўлючык ёсць мара. Даўняя, рамантычная, якая, безумоўна, абавязкова калісьці ажыццёвіцца.
– Я часта думаю пра невялікую аранжарэю на нашым прыся­дзібным участку, дзе будуць створаны раслінам усе неабходныя ўмовы для размнажэння, росту, цвіцення. З тых 12 сотак, што ёсць, пад кветкі адведзена толькі дзве. Расліны радуюць вока толькі ў цёплы час. А мне хочацца з імі судакранацца, як кажуць, мець стасункі што­дзень.
У Алены і Міхаіла Паўлючыкаў многа кветак вакол дома. На двары знайшлося месца дэкаратыўнаму вазку, кветкавай горцы, вадаёму з прыгожым перакідным мастком. У штучнай “сажалцы” другі год жывуць самы. Яны нават халодны час года пражылі ў ёй.
Міхаіл Паўлючык ва ўсім падтрымлівае жонку. Да кветкавай прыгажосці ён таксама неабыякавы. Таму, перакананы, што пры магчымасці ідэя аранжарэі пяройдзе ў канкрэтную рэалізацыю. На сямейным савеце гэта абмяркоўвалася не раз. Праўда, пакуль Паўлючыкі яшчэ канчаткова не вызначыліся з праектам. Але гэта пытанне, якое можна хутка вырашыць.
Міхаіл Паўлючык сур’ёзна разважае над рэалізацыяй задуманага. Ёсць ужо адпаведныя напрацоўкі.
– Калі аранжарэя набудзе канкрэтныя абрысы і адпаведнае напаўненне, то падару яе Алене, – прызнаецца Міхаіл. – Для яе сёння гэта – адна з самых жаданых мар.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Алена Паўлючык у сваёй хатняй аранжарэі.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 21.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий