4 лютага прайшло ўрачыстае адкрыццё месячніка грамадзянска-патрыятычнага выхавання
У мінулую суботу, 4 лютага, адбылося ўрачыстае адкрыццё месячніка грамадзянска-патрыятычнага выхавання і абаронна-масавай работы. У актавай зале раённай гімназіі сабраліся вучні з устаноў адукацыі Маларытчыны. Са словамі прывітання да прысутных звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Стасюк, а таксама адказны сакратар Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання вэтэранаў Соф’я Якубчык, намеснік ваеннага камісара – начальнік мабілізацыйнай групы Аляксандр Каралькоў. Інструктар савета Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валянціна Козак уручыла білеты новым членам арганізацыі.
У межах месячніка аддзелам па адукацыі Маларыцкага райвыканкама і Кобрынска-Маларыцкай міжраённай агранізацыйнай структурай ДТСААФ запланавана правядзенне ўрокаў мужнасці, класных гадзін, прымеркаваных да дня вываду савецкіх войск з Афганістана, конкурсаў сачыненняў, малюнкаў, ваеннай песні і страявой падрыхтоўкі, сустрэч з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і салдатамі, якія дэмабілізаваліся са службы ў арміі, спартыўна-забаўляльных праграм. Таксама адбудзецца прагляд кінафільмаў ваенна-патрыятычнай тэматыкі, выставы. Падчас месячніка прадугледжана добраўпарадкаванне і навядзенне парадку ля помнікаў, абеліскаў, на месцах воінскіх пахаванняў. У межах месячніка пройдуць мерапрыемствы і ў бібліятэках раёна.
Пасля ўрачыстага адкрыцця месячніка пачалося раённае першынство па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, прымеркаванае да Дня абаронцаў Айчыны. Лепшыя стралкі вызначаліся па найбольшай суме выбітых ачкоў па мішэні №8 з адлегласці 10 метраў.
Лепшымі ў практыкаванні ВП-2 (стральба стоячы) сталі Соф’я Чырко (раённая гімназія, 52 ачкі) і Арцём Троц (СШ №2, 94 ачкі). На другую прыступку п’едэстала гонару падняліся Аляксандра Мірчук (Мельніцкая БШ), Аляксандр Мішчук (ДТСААФ), на трэцюю ‒ Дар’я Серкіна (СШ №2), Юрый Мірчук (Мельніцкая БШ). У выніковай табліцы пераможцам спаборніцтва стала каманда СШ №2 (трэнер Генадзь Піпко). Другое месца заняла каманда Мельніцкай БШ (трэнер Андрэй Васільеў), трэцяе – ДТСААФ (трэнер Генадзь Піпко).
Мікалай Навумчык..
Фота аўтара.