Размовы аб жыцці са Сцяпанам Церашчуком жыхаром вёскі Перавое
У адзін са студзеньскіх дзён рэдакцыйныя шляхі-дарогі прывялі ў Арэхаўскі сельскі Савет. Старшыня яго Святлана Вітаноўская запрасіла наведаць вёску Перавое, каб даведацца, якімі клопатамі жывуць яе жыхары.
Перавое сустрэла нас зімовай цішынёй і спакоем. Чыстыя падворкі, дагледжаныя сядзібы, а на вуліцы – анікога. Гэта зусім не дзіўна, бо жывуць тут практычна адны пенсіянеры, толькі некалькі чалавек яшчэ працуюць. І хаця зарэгістравана ў населеным пункце, па словах Святланы Васільеўны, каля 70 жыхароў, пастаянна пражывае 36 чалавек. На дварэ – зіма, працы на агародах зараз няма. Вось і ажывае крыху вёсачка толькі хіба ў час прыезду аўталаўкі, якая бывае тут два разы на тыдзень – у аўторак і суботу.
Разам са Святланай Васільеўнай мы вырашылі наведаць адзінока пражываючых вяскоўцаў. Спачатку завіталі ў хату да былога трактарыста Сцяпана Церашчука (на фота). Гаспадар гасцінна запрасіў нас у пакой. Першае, што ўразіла – чысціня і парадак у хаце. Роўненькія саматканыя дыванкі на падлозе, нідзе ні парушынкі, кожная рэч на сваім месцы. На пытанне, як яму аднаму ўдаецца падтрымліваць такі парадак у хаце, Сцяпан Афанасьевіч толькі ўсміхнуўся, маўляў, а чым жа яму, пенсіянеру, яшчэ займацца. На падворку ўжо не трымае ніякай жыўнасці. Затое ў яго ёсць аўтамабіль, які гаспадар спраўна водзіць у свае без малога 89 гадоў. Два гады таму пераздаў экзамен на новыя правы, прайшоў медкамісію. І зараз куды захацеў – сеў і паехаў.
– Вось у дочак у Маларыце на Раство пабываў. Пагасцяваў і ў Алы, і ў Светы. Ды і з гаспадыняй сваёй мы некалі шмат паездзілі і ў царкву, і на агарод, і ў горад, і на радзіму жончыну ў Гуту, – расказаў пенсіянер.
Сцяпан Афанасьевіч з цеплынёй успамінаў сваю жонку Вольгу Паўлаўну, якой не стала ў пазамінулым годзе. Вельмі дбайнай гаспадыняй была, расказваў ён. Бывала, недаспіць, а ўсюды прыбярэ, да ладу ўсё давядзе. За што ні возьмецца – усё ў яе руках атрымлівалася: і вышывала, і вязала, і на кроснах ткала. Сцяпан Афанасьевіч паказвае на саматканыя дарожкі ў хаце, гэта ўсё, маўляў, жончына работа.
– Я на працу ў калгас ішоў на цэлы дзень, дык ніколі, бывала, мяне без сняданку не адправіць. Усюды паспявала. Пяцёра дзяцей мы з Вольгай Паўлаўнай выгадавалі. Шкада толькі, што сын Анатоль трагічна загінуў, – дзеліцца ўспамінамі субяседнік.
Жыццё не песціла Сцяпана з самага маленства. Ён быў другім у шматдзетнай сям’і Церашчукоў. Нарадзіўся вясной 1934 года, таму ўжо добра памятае, як праводзілі ў 1943-м на фронт бацьку. Пазней атрымалі ад яго толькі адно пісьмо, дзе ён расказваў, што быў кантужаны. А пад Варшавай бацька загінуў, не дажыўшы да перамогі ўсяго паўтара месяца.
Як жылося ўдаве з пяцярымі дзецьмі пасля вайны? Сказаць, што цяжка – не сказаць нічога. Лебяду варылі, як успамінаў Сцяпан Афанасьевіч. Добра, што кароўка была, дык хоць крыху часам страву малаком забельвалі.
– Калі цяпер нехта з маладых скардзіцца на жыццё, я заўсёды кажу ім: “Не бачылі вы яшчэ гора, ваеннага ліхалецця, не елі поліўку з пустазелля”, – гаворыць мужчына. – Я толькі пачатковую адукацыю атрымаў, далей у школу не хадзіў, бо маці трэба было дапамагаць. А пазней, калі ў калгасе пачалі вучыць на трактарыстаў, я таксама вывучыўся.
Усё жыццё Сцяпан Церашчук адпрацаваў на трактары, 24 сезоны на камбайне шчыраваў, мае дзяржаўныя ўзнагароды за самаадданую і добрасумленную працу. І зараз, нягледзячы на гады, яшчэ трымаецца малайцом: стравы сам сабе гатуе, сочыць за парадкам у хаце і на падворку, любіць старыя савецкія фільмы глядзець. Сыны і дочкі наведваюць яго звычайна па выхадных, а тэлефануюць дзяўчаты кожны дзень, каб даведацца, як справы ў бацькі і яго самаадчуванне.
Хочацца і далей Сцяпану Афанасьевічу пажадаць так трымаць, не страчваць бадзёрасці духу і цікавасці да жыцця.
Галіна Пракапук.
Фота Алега Крэмянеўскага.