Медаль — за працавітасць, актыўнасць і прынцыповасць

Гісторыя, колькі б яе ні спрабавалі перапісаць нанава, выкінуўшы тыя ці іншыя “нязначныя” падзеі, не паддаецца ніякім карэкціроўкам. Яна застаецца гісторыяй, у якой ёсць свае значныя асобы, свае важныя даты, цесна звязаныя з лёсамі і біяграфіяй людзей. У жыцці Наталлі Данілаўны Алесік, 85-гадовай жыхаркі вёскі Олтуш, многае звязана з імем У.І.Леніна. Яна была першай піянерважатай Олтушскай школы, вучыла дзяўчынак і хлопчыкаў жыць па запаветах Ільіча. Актыўная, добрасумленная, патрабавальная да сябе і да іншых, у 1949 годзе яна ўзначаліла партыйную арганізацыю калгаса імя Калініна. Працавітая, ініцыятыўная, жанчына больш за 37 гадоў аддала мясцовай гаспадарцы, была і паляводам, і брыгадзірам, і аграномам, і начальнікам жывёлагадоўчага комплексу, і галоўным заатэхнікам, і аграхімікам, і намеснікам старшыні калгаса. І на кожным давераным ёй участку Наталля Данілаўна сваім прыкладам вучыла стараннасці, адданасці справе. Прыкладам прынцыповасці, адказнасці сталі гады, калі яна ўзначальвала калгас “Зара”, была  старшынёй сельскага Савета. Не змагла застацца ў баку ад падзей Наталля Данілаўна і ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У сваім паважаным узросце, а жанчыне было ўжо значна больш за 60 гадоў, яна, дзякуючы настойлівасці, змагла аднавіць у раёне работу партыйнай арганізацыі.
За жыццёвую актыўнасць, неабыякавасць да будучыні сваёй маленькай і вялікай радзімы, зайздросную працавітасць Наталля Данілаўна была ўзнагароджана медалём «За працоўную доблесць», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. А ў мінулы панядзелак да ўзнагарод жанчыны дабавілася яшчэ адна – памятны медаль ў гонар 140-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна. Уручыла яго Наталлі Данілаўне ў прысутнасці прадстаўнікоў мясцовай улады, калектыву школы, работнікаў прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна” сакратар Маларыцкага райкама КПБ Галіна Ігнатчук.
Між іншым, такія ж медалі напярэдадні ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 140-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна, былі ўручаны маларытчанам Васілю Піліпавічу Маркаву, Міхаілу Георгіевічу Дземенчуку і іншым.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час уручэння памятнага медаля Наталлі АЛЕСІК у Олтушскай СШ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!