Аркадзь Кавальчук з аграгарадка Хаціслаў: “Больш за трыста дзён – на вайне”

У памяці воіна-інтэрнацыяналіста Аркадзія Кавальчука з аграгарадка Хаціслаў асобае месца займаюць больш за 300 дзён, праведзеных на афганскай вайне. З успамінаў ён аніяк не можа выкрасліць эпізоды баёў, усплываюць думкі пра баявых сяброў, якія загінулі ад куль маджахедаў. Тая далёкая вайна назаўсёды застанецца ў памяці як страшны і жахлівы сон.
Аркадзь Кавальчук нарадзіўся і вырас у вёсцы Отчын. Быў апошнім, сёмым, дзіцём у сям’і. Бацькі, Еўдакія Піліпаўна і Сцяпан Якаўлевіч, выхоўвалі дзяцей на спрадвечных маральных каштоўнасцях, змалку прывучалі да сялянскай працы. Пасля заканчэння Хаціслаўскай дзесяцігодкі Аркадзь Сцяпанавіч спачатку летам некалькі тыдняў працаваў слесарам у мясцовым калгасе “Запаветы Леніна”, а пасля ўзяў накіраванне і падаў дакументы ў Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум, каб набыць спецыяльнасць “Механізацыя і электрыфікацыя жывёлагадоўлі”.
– З дзяцінства цягнула да тэхнікі, – успамінае мой субяседнік. – У дзесяць гадоў ужо сам мог ехаць за рулём трактара, часта бываў з бацькам на калгасным полі. На канчатковы выбар жыццёвай сцежкі паўплывалі бацькі, з якіх ва ўсім і заўсёды імкнуўся браць прыклад.
Падчас вучобы Аркадзь Кавальчук атрымаў павестку з ваеннага камісарыята. Калі праходзіў апошнюю камісію, даведаўся, што тэрміновую службу будзе праходзіць у Сярэдняй Азіі. У Савецкім Саюзе пра ваенныя падзеі ў Афганістане інфармацыі было мала. Таму і не ведаў юнак, дзе давядзецца яму канкрэтна служыць.
Бацькі наладзілі сыну провады, склікалі радню. Яны ў глыбіні душы ганарыліся Аркадзем, ведаючы, што ён у любых абставінах будзе паводзіць сябе годна, так, як сапраўдны мужчына. Аднак хваляванне за сына было неймавернае. Бацькі здагадваліся, дзе давядзецца служыць сыну, усведамлялі, што такое вайна і што не ўсе вяртаюцца адтуль жывымі і здаровымі.
Аркадзь разам з іншымі навабранцамі некалькі сутак ехаў да месца службы. У горадзе Керкі, які знаходзіцца на ўсходзе Туркменістана, на левым беразе Амудар’і, яны затрымаліся ажно на чатыры месяцы. Перш чым маладых салдат накіраваць у Афганістан, іх навучалі ваеннаму «майстэрству» ў вучэбнай часці Керкінскага пагранічнага атрада. Жылі навабранцы ў палатачным гарадку, рыхтаваліся да баявых дзеянняў. Штодзённыя заняткі стамлялі. Аднак усе памяталі прапісную ісціну: цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі. Тым больш, што рэальны бой – гэта не жарт. Аркадзь яшчэ да службы ў арміі навучыўся стойка пераносіць усе жыццёвыя выпрабаванні. З першага дня ў вучэбцы быў у ліку лепшых на занятках па фізічнай, баявой і тэарэтычнай падрыхтоўках. Таму 20-кіламетровыя марш-кідкі, калі дзьмуў сухавей, пераносіў лёгка.

Аркадзь Кавальчук трапіў у сувязісты. За тыдзень да заканчэння вучэбкі яго і яшчэ некалькіх саслужыўцаў выклікалі ў штаб. На стале перад спецыяльнай камісіяй ляжала папка з асабовымі справамі салдат. Размова была кароткай. Усім было зададзена толькі адно пытанне: “Хто жадае аказаць дапамогу афганскаму народу?” Аркадзь быў у ліку тых, хто без ніякіх сумненняў зрабіў абдуманы крок наперад. Можна было і адмовіцца.
– І вось з іншымі салдатамі мы паляцелі ў верталёце “Мі-8” у невядомы Афганістан, – успамінае Аркадзь Кавальчук. – Я не ведаў, што мяне там чакае. Ніякіх думак не было і пра тое, што магу трапіць у палон, падарвацца на міне, быць параненым ці забітым куляй душмана. Аб тым, што служу ў Афганістане, бацькам напісаў не адразу. Каб не хваляваць іх, асабліва – маці.
Верталёт прызямліўся непадалёку ад кішлака Мардзіян, за паўтара кіламетра ад месца знаходжання 3-й мотаманеўраванай групы ўзвода сувязі. Тут Аркадзь Кавальчук служыў на працягу пяці месяцаў. Ён памятае, як упершыню ўдыхнуў сапраўдную азіяцкую спёку, спазнаў смагу ў распаленых гарах, гарачыню неміласэрнага афганскага сонца. На ўсё жыццё запомніў выццё снарадаў і свіст куль, скрыгат асколкаў аб скалы і браню, ад якіх напачатку не мог заснуць. Аднак потым да гэтага прызвычаіўся. Смерць у Афганістане хадзіла побач з кожным. Аднак Аркадзь Сцяпанавіч напачатку ніякаха страху не адчуваў, таму што проста не ўсведамляў рэальнай небяспекі.
– Так, можа, было б і далей, каб не выпадак, – успамінае былы «афганец». – Неяк з саслужыўцамі ішлі па кішлаку. Перамяшчаліся хутка, паколькі ведалі, што душманы асабліва “палявалі” за афіцэрамі і сувязістамі. Адлегласць нам трэба было прайсці невялікую, метраў недзе 150–200. Нечакана пачуўся шум і прагучалі стрэлы. Дзякуючы пільнасці і імгненнай рэакцыі (ляглі на зямлю) усе засталіся жывымі: кулі прасвісталі над галовамі. Пасля гэтага стаў больш абачлівым.
Па словах Аркадзя Кавальчука, на вайне без сувязі абысціся зусім нельга. Яна забяспечвае выкананне пастаўленых задач, дапамагае захаваць жыцці асабовага складу, удакладняць задачы пры кіраванні падраздзяленнямі, у аператыўным прыняцці рашэнняў камандзірамі, карэкціроўцы агню артылерыі, навядзенні ўдараў авіяцыі… Аркадзь Сцяпанавіч займаўся наладкай апаратуры, сачыў, каб каналы сувязі працавалі стабільна і бесперабойна. Яму даводзілася ахоўваць і суправаджаць калоны і гуманітарныя грузы, вылазкі ў горы.

За мужнасць і воінскую доблесць, праяўленую пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан, Аркадзь Кавальчук узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. А дакладней – за ўдалую аперацыю, праведзеную ў гарах. Група, у складзе якой быў Аркадзь Сцяпанавіч, з яе выйшла без страт, выканаўшы пастаўленую задачу.
Вайна для Аркадзя Кавальчука скончылася за некалькі месяцаў да афіцыйнага вываду савецкіх войск з Афганістана. Восенню 1988 года групу, у якой ён служыў, на верталётах перакінулі ў СССР. Да дэмабілізацыі Аркадзь Сцяпанавіч працягваў несці службу на туркменскай мяжы.
Затым ён вярнуўся на Маларытчыну. Праз некаторы час Аркадзь Кавальчук скончыў Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум і на першае месца працы прыехаў у родны калгас. Тут яго назначылі інжынерам-цеплатэхнікам, які адказваў за газавае і кацельнае абсталяванне, водазабеспячэнне і каналізацыю ў Хаціславе, Мельніках і Сушытніцы. Цяпер Аркадзь Кавальчук працуе майстрам участка па сарціраванні другасных матэрыяльных рэсурсаў Маларыцкай ЖКГ.
Кожны год 15 лютага Аркадзь Кавальчук прымае ўдзел у мітынгу ў райцэнтры ля памятнага знака, устаноўленага ў гонар жыхароў Маларытчыны, што выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане ў 1979–1989 гадах.
– Калі мы хочам заставацца адзінымі, вытрымаць усе тыя выклікі, што сучасны свет кідае нашаму народу і дзяржаве, то павінны захоўваць у моладзі гістарычную памяць, абараняць яе ад скажэнняў і фальсіфікацыі, – гаворыць Аркадзь Кавальчук. – Гэта адна з галоўных задач як дзяржавы, так і кожнага з нас. Тыя, хто выжыў і вярнуўся з афганскай вайны, будуць заўсёды помніць аб тых, каго не стала. Афган яшчэ да сённяшняга дня баліць у маёй душы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.