Пішыце пісьмы!

У час імклівага развіцця сродкаў камунікацый рукапіснае пісьмо не губляе сваёй значнасці.
Статыстыка пісьмовых адпраў­ленняў толькі пацвярджае значнасць пісьма, павышаецца працэнт дзелавой перапіскі, павялічваецца аб’ём заказной і асабістай карэспандэнцыі. Такая тэндэнцыя ўносіць свае карэктывы ў работу РУП “Белпошта” – прадпрыемства мае намер укараніць новыя аўтаматызаваныя тэхналогіі сартавання пошты. Выкарыстанне сартавальнай машыны дазволіць спрасціць і паскорыць апрацоўку і праходжанне пісьмовай карэспандэнцыі па Беларусі і за яе межамі. У сувязі з гэтым хацелася б напомніць пра важнасць правільнага афармлення паштовага адпраўлення.
Алгарытм работы сартавальнай машыны закладзены такім чынам, што спачатку счытваецца паштовы код (індэкс), затым ён параўноўваецца з адрасам. Пры выяўленні неадпаведнасцей у адрасе пісьмы аўтаматычна накіроўваюцца на ручное сартаванне. Гэта значыць, што правільнае напісанне індэкса і адраса значна паскарае тэрміны апрацоўкі і дастаўкі карэспандэнцыі.
Як правільна аформіць паштовае адпраўленне?
Найперш запоўніце дадзеныя адпраўшчыка пісьма, якія ўказ­ваюцца ў верхнім левым кутку канверта, інакш кажучы, вашы адрасныя дадзеныя, адрас атрымальніка – у правай ніжняй частцы. На ўнутраных паштовых адпраўленнях адрас павінен быць напісаны на беларускай ці рускай мовах, быць дакладным і поўным і ўтрымліваць наступныя дадзеныя: прозвішча, імя, імя па бацьку ці назву юрыдычнай асобы, назву вуліцы, нумар дома,корпуса, кватэры, назву населенага пункта, паштовы код, назву аддзялення паштовай сувязі, раёна, вобласці. Пры адрасаванні паштовых адпраўленняў у гарады паштовы код указваецца перад назвай горада.
Індэкс з’яўляецца неад’емнай часткай адрасных дадзеных. Калі вы не ведаеце ці не ўпэўнены ў дакладнасці індэкса месца назначэння, удакладніце яго ў аддзяленні паштовай сувязі ці на сайце РУП “Белпошта” www.belpost.by. Звярніце ўвагу, што на пісьмах і паштовых картках з кодавым штампам індэкс запаўняецца стылізаванымі лічбамі, чарніламі чорнага ці сіняга колеру. Ні ў якім выпадку не скарачайце назву ў адрасе. Тое, што можа быць зразумела вам, неабавязкова зразумеюць іншыя.
На міжнародных паштовых адпраўленнях адрас атрымальніка павінен быць напісаны на мове краіны назначэння альбо на адной з міжнародных моў (французскай ці англійскай). Назву населенага пункта і краіны назначэння трэба пісаць вялікімі літарамі. Назву краіны назначэння неабходна абавязкова дубліраваць на беларускай ці рускай мовах, напрыклад, FRANСЕ (ФРАНЦЫЯ). Адрас адпраўшчыка можа быць напісаны на беларускай ці рускай мовах. У гэтым выпадку неабходна дубліраваць назву краіны адпраўшчыка лацінскімі літарамі, напрыклад, БЕЛАРУСЬ (BELARUS).
На хуткасць дастаўкі карэс­пандэнцыі можа паўплываць любая неахайна напісаная лічба ці літара. А правільна напісаныя адрасы і паштовыя індэксы дазволяць значна паскорыць працэс сартавання, зразумела, што аўтаматычная машына зробіць гэта значна хутчэй за чалавека – аператара сартавальнага цэха.
Пішыце пісьмы родным і блізкім, сябрам і знаёмым у межах рэспублікі і па ўсім свеце, толькі правільна ўказвайце адрас. Адказ не прымусіць вас доўга чакаць.
Вольга МЫКАЛАЕНКА, начальнік райвузла паштовай сувязі.

Опубликовано в “ГЧ” 18.09.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий