“У СПОРТУ ДЛЯ ЗДАРОЎЯ НЯМА ЎЗРОСТАВЫХ МЕЖАЎ”

Кожны пражыты дзень даецца чалавеку не для таго, каб лічыць мінулыя гады, а каб ён мог радавацца кожнай новай падзеі, насычаць сваё жыццё яркімі ўражаннямі, пастаянна ўдасканальвацца. І не важна, колькі гадоў пражыта – пяцьдзясят, шэсцьдзясят, семдзесят… Галоўнае, каб душа заставалася маладой і здароўе не падводзіла. Менавіта для таго, каб дапамагчы людзям, узрост якіх называюць восенню жыцця, заставацца “у форме”, спецыялісты тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у рамках правядзення ІХ Міжнароднай выставы-кірмашу “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця — 2013” і Дня пажылых людзей, арганізавалі на базе спартыўнага комплексу “Жамчужына” Дзень здароўя для пажылых людзей пад дэвізам “У спорту для здароўя няма ўзроставых межаў”.
Актыўных маларытчан-пенсіянераў, якія пажадалі прыйсці на сустрэчу, аказалася нямала. Між іншым, той, хто прыйшоў, безумоўна, не пашкадаваў аб патрачаным часе, паколькі арганізатары Дня здароўя для пажылых пастараліся насыціць праграму цікавай інфармацыяй. Пра тое, якую падтрымку можа атрымаць кожны пенсіянер ад спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, распавёў яго дырэктар Мікалай Мішчанка, з магчымасцямі і спартыўнай базай для заняткаў фізкультурай людзей любога ўзросту пазнаёміў дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Міхаіл Улезла, аб тых умовах, якія трэба ўлічваць, калі ёсць жаданне прайсці аздараўленне ў санаторыях краіны, распавёў спецыяліст Цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Віталь Жыгалаў.
Паколькі Дзень здароўя сваёй назвай падразумяваў рухальную актыўнасць, ад размоў удзельнікі мерапрыемства хутка перайшлі да справы. Зайграў спартыўны марш, на падлозе ў зале з’явіліся спартыўныя дыванкі і пенсіянеры прыняліся за выкананне гімнастычных практыкаванняў. Майстар-клас “Гімнастыка здароўя” правяла з пажылымі маларытчанамі намеснік дырэктара ДЮСШ Святлана Галавей. Адпачыць ад фізкультурных заняткаў змаглі ўдзельнікі Дня здароўя, атрымліваючы асалоду ад смачнага і карыснага кіслароднага кактэйлю. А затым зноў усіх чакалі аздараўленчыя заняткі, цяпер ужо ў басейне, дзе пажылыя людзі, многія з якіх з’яўляюцца пастаяннымі наведвальнікамі басейна, змаглі пазнаёміцца з элементамі аквааэробікі.
Спецыялісты тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва спецыяльна да Дня здароўя пажылых людзей падрыхтавалі памяткі “Аспекты здаровага ладу жыцця” і “Прадукты, якія трэба ўжываць з асцярогай”. Іх атрымалі ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Дарэчы, усе, хто прыняў удзел у Дні здароўя, выказвалі шчырую ўдзячнасць арганізатарам за атрыманую магчымасць на некалькі гадзін забыць пра ўзрост і проста за цікавы адпачынак.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час Дня здароўя для пажылых людзей.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 2.10.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!