Акуратныя лэдзі і галантныя кавалеры

У другім гарадскім дзіцячым садзе правілы этыкету вывучаюць ужо ў малодшай садаўскай групе.
Як часта мы чуем ад бацькоў: “Ён у мяне такі неакуратны. Як яго навучыць правільна карыстацца сталовымі прыборамі?”. Але калі мы будзем толькі гаварыць і папракаць дзіця ў яго недахопах, праблема сама па сабе не вырашыцца.
А таму ў дзіцячым садзе №2 горада вырашылі дапамагчы бацькам у авалоданні дзецьмі гэтай няпростай навукай — этыкетам. Перш за ўсё быў распрацаваны план, які прадугледжвае паступовае, пачынаючы з самага маленькага ўзросту, знаёмства дзяцей з культурай прыёму ежы.
У малодшай групе заняткі пачынаюцца з таго, што дзяцей вучаць правільна карыстацца лыжкай, умела трымаць яе ў руцэ.
Выхаванцы чатырохгадовага-пяцігадовага ўзросту з вялікім задавальненнем дзяжураць па сталовай. Яны вучацца правільна і прыгожа сервіраваць стол, выкарыстоўваючы спецыяльныя буклеты  з разнастайнымі спосабамі сервіроўкі. Калі ў групе ёсць імяніннік, дзяжурныя пастараюцца гэта адзначыць – упрыгожыць яго месца каляровай сурвэткай, падрыхтаваць нейкі сюрпрыз.
Якія “нязграбныя” дзіцячыя ручкі. Але паступова, пачынаючы з гульні, у якой трэба дапамагчы ляльцы разрэзаць торт, нашы хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо ў маленькім узросце вучацца карыстацца нажом. Галоўная задача дарослых, каб дзіця запомніла, што нож у руках – гэта не цацка. Нам было вельмі прыемна пачуць ад бабулі аднаго з  выхаванцаў — Мікіты Зімохі, што яе ўнук, наведаўшыся да бабулі на абед, спытаў: “А дзе ж  нож? Нам у садзе даюць яго, бо так зручней есці”.
Хлопчыкі – гэта будучыя мужчыны. Мы імкнемся зрабіць так, каб яны адчулі сябе моцнымі: раімся з імі, даручаем самую адказную работу і, безумоўна, вучым паважаць дзяўчынак. Няхай гэта будзе невялікі ўчынак: уступіць дзяўчынцы месца, прапусціць яе наперад, падсунуць стул, падаць сурвэтку — але галоўнае, каб хлопчык навучыўся праяўляць увагу, каб гэта адклалася ў яго памяці назаўжды. І хлопчыкі стараюцца, хоць крыху саромеюцца і свае знакі ўвагі дзяўчынкам аказваюць вельмі нясмела.

Выхавальнікі гутараць з дзецьмі, цікавяцца традыцыямі сям’і. Дзеці з задавальненнем расказваюць пра тое, як сям’я збіраецца за сталом вечарам, каб абмеркаваць мінулы дзень, робяць свае дзіцячыя, але даволі сур’ёзныя вывады.
Дзеці ў дашкольным узросце многаму вучацца, многае пазнаюць. І вельмі важна, каб усё, што яны засвоілі ў дзіцячым садку, падтрымлівалася далей і ў сям’і, і ў школе, бо гэтыя першыя ўрокі этыкету ім абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.
Марына НІКІФАРАВА, загадчыца дзіцячага сада № 2 г. Маларыты.
НА ЗДЫМКАХ: першыя ўрокі этыкету.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!