Пераможцам абласнога конкурсу «Педагог сацыяльны года» стала педагог сацыяльны Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна Бягеза
На базе Пружанскага гарадскога Палаца культуры прайшоў фінал абласнога конкурсу «Педагог сацыяльны года». У намінацыі «Лепшы педагог сацыяльны ўстаноў спецыяльнай адукацыі» пераможцам стала педагог сацыяльны Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна Бягеза.
У першым этапе, які праводзіўся ў завочнай форме, прыняў удзел 51 педагог сацыяльны з устаноў адукацыі вобласці ў чатырох намінацыях. Кампетэнтнае журы адабрала пяць мацнейшых канкурсантаў. На другім этапе было анлайн-субяседаванне. Для ўдзелу ў фінальным (вочным) этапе ў кожнай намінацыі засталося па тры ўдзельнікі. Прэтэндэнты на званне лепшага педагога сацыяльнага паказалі на суд журы візітку і педагагічны вопыт работы («Сацыяльна-педагагічная адаптацыя дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця»). Па суме набраных балаў Таццяна Бягеза і заняла выніковае першае месца.
– Яго не было б, каб не дапамога і падтрымка калег, – гаворыць Таццяна Міхайлаўна. – Удзельнічаць у конкурсе прапанавала дырэктар раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Людміла Лукавец. Спаборніцтва дало магчымасць паверыць у свае сілы і здольнасці.
Педагогам сацыяльным у Маларыцкім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна Бягеза працуе з лістапада 2011 года. Яна праводзіць прафілактычна-арыентацыйную работу сярод навучэнцаў, заняткі ў бацькоўскім клубе «Крок насустрач», актыўна працуе з сем’ямі сацыяльнай рызыкі, з’яўляецца адміністратарам раённага банка дадзеных дзяцей з асаблівасцямі (цяпер у ім 446 дзяцей), сакратаром псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, асноўная мэта якой – арганізацыя дапамогі дзецям з парушэннямі ў развіцці на основе правядзення комплекснага дыягнастычнага абследавання і распрацоўка рэкамендацый, накіраваных на вызначэнне спецыяльных умоў для атрымання імі адукацыі і медыцынскага суправаджэння.
Таццяна Бягеза – чалавек, улюбёны ў сваю справу, адданы ёй, ведае спосабы сацыяльнай адаптацыі і выратавання пакрыўджаных лёсам дзяцей. Таццяна Міхайлаўна – педагог творчы, ініцыятыўны, адказны, тактоўны, добразычлівы. Любую даручаную справу імкнецца выканаць бездакорна і ў тэрмін, карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод калег, навучэнцаў, іх бацькоў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.
