Паяднаныя агульнай бядой
Вайна аб’яднала два суседнія народы – беларускі і ўкраінскі – агульнай бядой. Лёс спаленых у агні маларыцкіх вёсак Боркі і Забалацце падзялілі ўкраінскія Картэлісы, дзе былі расстраляны 2875 жыхароў, спалена больш за 700 двароў. У дзвюх краін агульная памяць, а таму маршрут традыцыйнага аўтапрабегу “Памяць” быў выбраны менавіта ва ўкраінскую вёску Картэлісы.
Суседзі-ўкраінцы, якія цесна звязаны з беларусамі сваімі каранямі, маларыцкую дэлегацыю, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, райвыканкама, аддзела па справах моладзі, РК ГА “БРСМ”, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, сустрэлі вельмі гасцінна. Знаёмства з Картэлісамі пачалося з наведвання мемарыяльнага комплексу, які сёлета адзначае 30-годдзе з дня адкрыцця. Грунтоўная, багатая на звесткі экскурсія па гістарычнаму музею вёскі не магла не пакінуць уражанні. Расказ экскурсавода плаўна перайшоў у дыялог з успамінамі. Ды інакш, напэўна, і не магло быць. Непасрэдным удзельнікам ваенных падзей ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Васілю Піліпавічу Маркаву і былой партызанцы Марыі Пятроўне Струк, якія прынялі ўдзел у аўтапрабегу “Памяць”, было чым падзяліцца, пачуўшы знаёмыя імёны, убачыўшы на картах-схемах знаёмыя маршруты.
Фотаздымак на памяць… І ўсе ўдзельнікі сустрэчы накіроўваюцца да ўзведзенай на вялікім кургане скульптуры, у якой увасоблена знішчаная фашыстамі партызанская сям’я. Як даніна памяці ўсім, хто загінуў, так і не дачакаўшыся шчаслівага часу Перамогі, – ускладанне вянкоў. Хвіліна маўчання… Дэлегацыя накіроўваецца ў школу, дзе гасцей чакаюць ужо вучні. Яны ўважліва слухаюць расказы ветэранаў, дораць свае музычныя падарункі.
– Наша сустрэча зусім не выпадковая, – адзначыў на развітанне ўдзельнік аўтапрабегу, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, – бо краіны-суседзі цесна звязаны сваім гістарычным мінулым. Гэтае мінулае трэба ведаць, памятаць, разам знаходзіць новыя звесткі і перадаваць іх нашчадкам.
Святлана МАКСІМУК.