З надзеяй, верай і любоўю

Хто быў  на той вайне, той ніколі ўжо не зможа пазбавіцца ўспамінаў аб ёй. Балючых, горкіх, пякучых, вечных. Час іх не ў сілах залячыць. Цалкам з гэтым зго­дзен і маларытчанін Мікалай Трафімук – баец-ветэран апошняй вайны. За 65 гадоў раны на целе даўно зажылі, загоіліся, а вось душэўныя – пакуль не. Напэўна, і жыцця на гэта ўсяго не хопіць. У амаль 85-гадовага ўдзельніка Вялікай Айчыннай яшчэ і зараз у душы грымяць выбухі гранат і снарадаў, чуецца свіст куль…
На хутар бліз Чарнян паступова апускалася ноч, якая з сабою несла прахалоду-свежасць. Пятнаццацігадовы Коля разам са сваімі братамі адпачываў на вышках. Ва ўсім целе, якое ныла, адчувалася лёгкая стома. Хлопец ўвесь нядзельны дзень пасвіў на лузе кароў. Чэрвеньскае сонца бязлітасна пякло, таму свойская жывёліна ўвесь час пераходзіла з аднаго месца на другое. Трэба было адпачываць, бо назаўтра бацька напланаваў многае: і ў полі работа, і на лузе, і дома. Летам у вёсцы няма калі сядзець. Было амаль апоўначы, але юнаку не спалася, у галаве раіліся розныя думкі. Марылася пра будучае, пра самастойнае жыццё, далейшую вучобу. З гэтым ён і заснуў.
Коля прачнуўся ад таго, што яго нехта моцна штурхаў у бок. Было толькі 5 гадзін ранку. Хлопец нічога не разумеў. Але бацька шэптам сказаў, што ў іх двары немцы. Навіна была нечаканая і жахлівая. Усім дзецям было загадана: да захопнікаў не падыходзіць. Коля саскочыў з вышак, выглянуў з-за вугла хлява і ўбачыў танкі і бронемашыны. Іх было недзе пад дваццаць. Праз некаторы час немцы аблюбавалі калодзеж, ля яго сталі мыцца і галіцца. Пасля па камандзе хутка падхапіліся, завялі маторы і накіраваліся ў бок Кобрына.
Пачалося ваеннае жыццё, якое імкліва стала мяняцца на новы лад. Многія аднавяскоўцы былі прызваны ў армію, некаторыя самі пайшлі ў партызанскія атрады. Там жа апынуліся і лепшыя сябры Колі. Яго самога маці не адпусціла, бо патрэбна была дапамога па гаспадарцы. Ды і небяспечна было гэта для жыцця. У сям’і ўсё ж такі сямёра дзяцей! Каб не сядзець без справы, юнак становіцца партызанскім сувязным. Ці мог падумаць немец, што гэты худзенькі, невысокага росту падлетак, збірае каштоўныя звесткі для сваіх лясных братоў?
Дату 3 жніўня 1944г. Мікалай Трафімук добра памятае і зараз. З гэтага моманту пачалося яго новае жыццё. Дарослае, самастойнае і вельмі ж  небяспечнае. Ваенкамат адправіў юнака  на фронт. Ён трапіў ва ўзвод аўтаматчыкаў 5-ай дывізіі 11-ай гвардзейскай арміі 2-га Беларускага фронту і стаў ваяваць на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Першы ж бой, рэальны, развеяў канчаткова ўсю рамантыку ваеннага часу. Не да яе, калі побач гінуць сябры, знаёмыя. Ды Мікалай Міхайлавіч ведаў, што на полі бою лёгка не бывае, тут не жартуюць. У лістападзе радавы Трафімук ужо ваяваў ва Усходняй Прусіі. За некалькі месяцаў знаходжання на перадавой смерць бачыў не раз, не раз і глядзеў ёй у вочы. А ў канцы студзеня 1945г. смерць, якая многа разоў падпільноўвала на кожным кроку, прайшла зусім блізка: малады баец быў паранены пад Кенігсбергам. Пасля папраўкі зноў апынуўся на фронце, бо лічыў, што тут бу­дзе больш з яго карысці. На гэты раз стаў ваяваць у 11-ай арміі 11-ай дывізіі 27-га палка. Але не доўга. 30 красавіка 1945г. ў час наступлення бліз г.Балтыйска паранены другі раз. Для лячэння яго тэрмінова накіроўваюць у шпіталь, дзе была зроблена аперацыя. Але тут атрымалася кур’ёзная памылка. У лячэбнай установе нехта наблытаў, і Мікалай Міхайлавіч стаў Паўлам Іванавічам. У палку ніхто не ведаў, куды знік салдат, напэўна, палічылі, што не­дзе загінуў. Таму некалькімі днямі пазней — 12 мая — маці ад камандавання атрымлівае паведамленне, што яе сын прапаў без звестак. Адчуўшы сябе трохі лепш, Трафімук піша дадому пісьмо, дзе расказвае пра сваё месца­знаходжанне і стан.
Пасля заканчэння вайны ў родныя мясціны адразу не вярнуўся, бо да красавіка 1948г. служыў у Калінінградскай вобласці. На Маларытчыну вярнуўся сяржантам запасу. Адразу ўладкаваўся ў калгас імя Н.Крупскай, дзе шмат гадоў працаваў рахункаводам, потым брыгадзірам, тры гады намеснікам старшыні. А пасля па сямейных прычынах вымушаны быў пераехаць жыць у райцэнтр, дзе яшчэ 17 гадоў  аддаў ПМК-20 (працаваў майстрам буддвара).
— Доўгія вёрсты вайны, — разважае Мікалай Міхайлавіч, — нікому не даваліся лёгка. Ваяваць – справа надзвычай цяжкая і небяспечная. Кожны бой здаваўся апошнім. Ніхто, напэўна, не быў перакананы, што застанецца жывым. Колькі было выпадкаў, калі знаходзіўся на валасок ад смерці. Памятаю: мы, 18 байцоў, атрымалі заданне выбіць немцаў. Кожнаму з нас далі аўтамат і гранату. Я яе запіхнуў за рэмень спераду. У час бою ў мяне стрэліў снайпер. Куля трапіла ў гранату. З яе высыпаўся тол. А мне – нічога.
— А што самае галоўнае ў жыцці для вас? – цікаўлюся я.
— Мір! – не задумваючыся, адказвае Мікалай Трафімук. Трошкі падумаўшы, дадае:
— Ніколі і нідзе не губляць веры, надзеі і любві. Гэта вечныя каштоўнасці. На іх трымаецца ўвесь свет.
Мікалай Навумчык.
На здымку: франтавік Мікалай Трафімук.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!