Прызнаны талент мастака слова

Мікалай Пацяюк папоўніў рады ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Мікалай Іванавіч з’яўляецца аўтарам двух паэтычных зборнікаў: “Мелодыя сэрца” (2007 г.), “З-пад буслінага крыла” (2011 г., ПВГУП «Выдавецтва “Альтэрнатыва”»).
Мікалай Пацяюк нара­дзіўся і вырас у в. Ляхаўцы. Закончыў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, некаторы час працаваў настаўнікам у Высокаўскай школе-інтэрнаце Камянецкага раёна. Пасля 4-гадовай службы ў марскім флоце вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С. Пушкіна, дзе набыў спецыяльнасць “Настаўнік рускай мовы і літаратуры”. На першае месца працы накіраваны ў Ляхавецкую школу. Тут Мікалай Іванавіч амаль 30 гадоў выкладаў рускую мову і літаратуру.
Пісаць вершы пачаў, калі вучыўся ў 9 класе. Свае першыя творы даслаў у рэдакцыю абласной газеты “Заря”. Было гэта ў 1956 г. Аднак вершы так і не з’явіліся на старонках газеты. Пасля гэтага Мікалай Пацяюк “маўчаў” на працягу ажно 46 гадоў. Талент зноў “прачнуўся”ў 2002 г. Паспрыяў выпадак. Набліжаўся юбілей жонкі Яўгеніі Аляксееўны. Мікалай Іванавіч вырашыў зрабіць ёй своеасаблівы сюрпрыз і напісаў шчырае віншаванне ў вершах, якое неўзабаве з’явілася на старонках раённай газеты. Дэбют быў удалым. Узнікла зноў жаданне свае думкі выкладаць паэтычнай мовай. Потым з’явіўся верш “Не веру”. Гэта і стала пачаткам адраджэння літаратурнай дзейнасці. Цяпер у Мікалая Пацеюка напісаны не адзін дзясятак вершаў.
Сёння паэтычны дыяпазон яго творчасці значна пашырыўся. З’явіліся новыя тэмы, вобразы, матывы. Вершы пранізаны любоўю да роднага краю, чалавека і яго стваральнай працы. У паэтычнай спадчыне Мікалая Пацеюка кожны чытач знойдзе сваё, тое, што адлюстроўвае стан яго душы, блізкае перакананням, жыццёвай пазіцыі.
– Мікалай Іванавіч, над чым працуеце цяпер?
– Амаль падрыхтаваны да друку новы зборнік вершаў, які ўбачыць свет у наступным годзе. Пакуль канчаткова не вырашана, як ён будзе называцца. Плануецца, што ў зборніку размесціцца 40-50 твораў. Акрамя таго, цяпер яшчэ захапіўся перакладам з украінскай мовы. Асабліва мне блізкая паэзія Ніны Горык і Таццяны Якавенка. У новым зборніку чытачы змогуць пазнаёміцца з творчасцю гэтых украінскіх паэтак у маім перакладзе на беларускую мову.
P.S. У апошнім нумары літаратурна-мастацкага часопіса “Вінніцкі край” (Украіна) апублікавана дзесяць вершаў Мікалая Пацеюка.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Мікалай Пацяюк, паэт з в. Ляхаўцы.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 30.10.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий