ЗАХОДЗЬЦЕ Ў МОЙ ДОМ…

Жыву я на хутары ля вёскі Ляхаўцы. Сюды да мяне не так часта прыходзяць суседзі, знаёмыя. Старасць, як гаворыцца, не радасць. А так хочацца, каб на нас, пажылых, таксама звярталі ўвагу, каб мы былі патрэбны іншым, як і раней, у маладосці. Як добра, што ёсць такая служба, якая дапамагае аблегчыць жыццё пажылых людзей. З 2007 года я знаходжуся на надом­ным сацыяльным абслугоўванні. Дапамагае мне ў справах па дому сацыяльны работнік Мікалай Іванавіч Карпучык. Між іншым, у нас у вёсцы многія пенсіянеры знаходзяцца на сацыяльным абслугоўванні. Ім дапамагаюць сацыяльныя работнікі Вера Мікалаеўна Самасюк, Галіна Іванаўна Пацяюк, Варвара Іванаўна Бурштын і Аксана Пятроўна Яўтушык. Іх работа патрабуе і фізічных, і душэўных сіл, вялікай цярплівасці і дабрыні. З намі, пенсіянерамі, цяжка – кожны са сваім характарам, кожны са сваім лёсам. Але гэтыя людзі дапамагаюць нам, падтрымліваюць у любой жыццёвай сітуацыі. А яшчэ не даюць нам сумаваць, стараюцца зрабіць больш разнастайнымі нашы шэрыя будні. Нядаўна у маім доме сабралася шмат гасцей, прыехалі пенсіянеры нават з суседняй вёскі Асавая. Нашы любімыя сацыяльныя работнікі вырашылі прыпаднесці сваім падапечным сюрпрыз і арганізавалі разам з калектывам Ляхавецкага Дома культуры пасядзелкі. Яны накрылі для нас стол, пачаставалі ласункамі. А яшчэ запрасілі ў госці настаяцеля мясцовай царквы айца Віталя, які расказаў нам шмат цікавага пра праваслаўныя святы. Для нас гучалі цёплыя словы і чароўныя песні. Як гэта было прыемна – не перадаць словамі. Тады мы зноў адчулі радасць жыцця.
Ад усіх, хто пабываў на пасядзелках, хачу выказаць словы падзякі спецыялістам аддзялення сацыяльнай дапамогі дома, сацыяльным работнікам, калектыву Ляхавецкага сельскага Дома культуры і айцу Віталю за дастаўленую радасць, якая так патрэбна нам, пенсіянерам. Няхай яны ніколі не стамляюцца дарыць радасць іншым.
Любоў Фёдараўна СІДАРУК, в. Ляхаўцы.
НА ЗДЫМКУ: у час пасядзелак.

Опубликовано в “ГЧ” 6.11.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий