Праводзіцца заключны этап бягучага рамонту аўтамабільнай дарогі аг. Лукава – в. Забалацце

Дарогі – гэта артэрыі жыцця, развіццё і новыя магчымасці. Цяжка пераацаніць іх важнасць для стабільнага функцыянавання раёна, вобласці, краіны. І гэта невыпадкова, бо ад якасці дарог залежыць сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. Ды і проста праехацца па роўнай дарозе – гэта таксама прыемна.

“Камфорт” на дарогах раёна стварае Маларыцкае ДРБУ №179 КУП “Брэстаблдарбуд”. Цяпер прадпрыемства абслугоўвае 573 км мясцовых дарог і вуліц (без уліку аўтамагістраляў рэспубліканскага значэння Брэст–Олтуш і Кобрын–Макраны, якія маюць працягласць 94,4 км), з іх толькі 190,6 км – з асфальтабетонным пакрыццём. Хутка гэтая лічба павялічыцца яшчэ на 2 кіламетры 426 метраў.

Па словах галоўнага інжынера ДРБУ № 179 Юрыя Крэня, з 13 мая пачаўся заключны этап бягучага рамонту (выпраўленне папярочнага  профілю існуючага  гравійнага пакрыцця з кіркаваннем і дабаўленнем шчэбню гранітнага) аўтамабільнай дарогі аг. Лукава – в. Забалацце. Замест гравійнага пакрыцця на ёй з’явіцца асфальтабетоннае на ўчастку з 7 км 460 м па 9 км 886 м. Дарэчы, работы на ўчастку дарогі аг. Лукава – в. Забалацце праводзяцца паэтапна ў адпаведнасці з “Праграмай па бягучым рамонце аўтамабільных дарог Маларыцкага раёна на 2023 год”, які з’яўляецца часткай комплекснага плана развіцця  Маларыцкага раёна на 2019-2023 гады”.

На правядзенне рамонту дарогі вы­дзелена 640 тысяч рублёў з абласнога бюджэту. Прадугледжана ўкладка 2580 тон асфальтабетону. Плануецца, што ўсе неабходныя работы будуць завершаны ў чэрвені.

Рамонт дарогі дазволіць камфортна і бяспечна перамяшчацца па ёй у любы час сутак. Асфальтабетоннае пакрыццё – гэта не толькі падарунак для 43 жыхароў в. Забалацце і 28 – в. Новае Забалацце.  З увядзеннем непыльнай якаснай дарогі ў дзеянне гэтыя населеныя пункты, магчыма, стануць прыцягальнымі для таго, што іх выберуць для пастаяннага месца жыхарства людзі з іншых рэгіёнаў. Думаецца, што станоўча яе ацэняць і тыя жыхары Маларытчыны, чые дзеці падчас летніх канікул будуць адпачываць у загарадным аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Равеснік”, які  размяшчаецца ў в. Забалацце. З’яўленне асфальтаванага пакрыцця  на дарозе будзе мець станоўчае значэнне і для  ААТ “Чырвоны партызан”.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

 

Поделиться:
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий