УМЕЛАЕ ГАСПАДАРАННЕ ДАПАМАГАЕ ЗАРАБЛЯЦЬ ГРОШЫ

У гэтым пераканаліся ўдзельнікі абласнога семінара-нарады, які прайшоў на базе сельгасарганізацый Маларыцкага раёна.

На мінулым тыдні на базе сельскагаспадарчых арганізацый Маларыцкага раёна прайшоў абласны семінар, на якім былі вывучаны пытанні добраўпарадкавання машынных двароў, падрыхтоўкі рамонтнай базы да работы ў асенне-зімовы перыяд, а таксама падведзены вынікі работы па пастаноўцы тэхнікі на захоўванне. Удзел у семінары-нарадзе прынялі галоў­ныя інжынеры раённых упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання, начальнікі раённых інспекцый Дзяржтэхнагляду і дырэктары райаграсервісаў вобласці.
Першым аб’ектам, дзе пабывалі ўдзельнікі семінара, стаў машынны двор СВК “Чарняны”. Пазнаёміцца з тым, як арганізавана работа па захоўванні тэхнікі ў гэтым сельгаскааператыве, арганізатары семінара прапанавалі спецыялістам не таму, што ў “Чарнянах” паказальны машынны двор, дзе ўжо дасягнуты ідэальны парадак. Мэта візіту сюды была іншая. На прыкладзе СВК “Чарняны” можна было пераканацца, як сельгаспрадпрыемства ў эканамічна нестабільны час, калі ёсць нямала плацяжоў па крэдытах, умее з’эканоміць рэсурсы і правільна размеркаваць сродкі, укладваючы іх не толькі ў будаўніцтва ферм, але і ў добраўпарадкаванне машынных двароў, не баіцца ўкараняць новае, што дае магчымасць развіваць СВК, ствараць належныя бытавыя ўмовы.
— Два гады назад мы пачалі з простага – усталявалі на тэрыторыі машыннага двара відэаназіранне, — дзяліўся напрацаваным вопытам эканоміі і беражлівасці старшыня СВК “Чарняны” Міхаіл Перкавец. – Гэта дазволіла кантраляваць усю тэрыторыю. І адразу не стала крадзяжоў. Акрамя таго, была ўведзена новая пуцёўка для аўтамабіляў і трактароў, якую ў абавязковым парадку кожны вадзіцель і механізатар павінен здаваць адразу пасля вяртання з рэйсу. Але асноўную эканомію дала сістэма рэгістрацыі і расходавання паліва, якая была ўсталявана на ўсю дызельную тэхніку. Гэтая сістэма дазваляе кантраляваць не толькі час выезду тэхнікі, колькасць затрачанага на работу паліва, але і рэгіструе халастую работу трактара. За першы год такія меры далі эканомію 60 тон дызельнага паліва.
З’эканоміўшы грошы на паліве, у СВК “Чарняны” за свае сродкі заасфальтавалі значную частку тэрыторыі машыннага двара, зрабілі ацяпленне ў майстэрнях, правялі касметычны рамонт пабудоў, усю энерганасычаную тэхніку размясцілі ў ангарах, для іншай пабудавалі павеці. Удзельнікі семінара, наведаўшы машынны двор, пераканаліся, што ўсё ў гаспадарцы падрыхтавана для работы ў асенне-зімовы перыяд. Рамонт тэхнікі, як адзначыў старшыня сельгаскааператыву, будзе праводзіцца ў адпаведнасці з распрацаваным графікам. Сваімі сіламі гаспадарка пачала рамантаваць рухавікі, што зноў жа будзе выгадным для СВК.
Сапраўды прыемныя ўражанні ва ўдзельнікаў семінара з першых хвілін знаёмства выклікала тэрыторыя другога аб’екта запланаванага маршруту — машыннага двара СВК “Дарапеевічы”. Увага ўсіх была сканцэнтравана на размешчанай на ўездзе ў машынны двор мыйцы, якая за кароткі час была пабудавана на месцы былой запраўкі. Мыйка, у якую было ўкладзена больш за 200 мільёнаў рублёў, цяпер дазваляе яшчэ на ўездзе на тэрыторыю заасфальтаванага машыннага двара прывесці ў належны стан тэхніку, якая прыходзіць з палёў, што дапамагае захоўваць парадак і чысціню. Пабываўшы на самой тэрыторыі машыннага двара, наведаўшы пляцоўку для працяглага захоўвання тэхнікі, дзе кожнай сельскагаспадарчай машыне знойдзена належнае месца і ўся тэхніка захоўваецца з выкананнем усіх патрабаванняў, пункт тэхнічнага абслугоўвання трактароў, ангар па рамонту сельгасмашын, клас аховы працы і многія іншыя важныя для механізацыі гаспадаркі аб’екты, удзельнікі семінара-нарады дружна згадзіліся, што ў СВК “Дарапеевічы” ёсць чаму павучыцца.
— У тым, што трэба ўкладваць грошы ў майстэрні, у належны догляд за тэхнікай, пераканала жыццё. Толькі за гэты год на набыццё запчастак мы патрацілі 1,5 мільярда рублёў. А калі не будзе належнага абслугоўвання, сродкі давядзецца затрачваць яшчэ большыя. Таму і зрабілі за ўласныя грошы гаспадаркі многае, але і гэта яшчэ не ўсё, — заўважаў, праводзячы экскурсію па тэрыторыі машыннага двара, старшыня СВК “Дарапеевічы” Васіль Юхімук.
Як адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага абл­сельгасхарчу Аляксандр Дарашэнка, які кіраваў работай семінара-нарады, СВК “Дарапеевічы” — яшчэ адзін прыклад таго, як умелае гаспадаранне дапамагае зарабіць сродкі, а правільнае размеркаванне апошніх дае магчымасць ва ўсім падтрымліваць парадак.
Як падрыхтавана да работ у асенне-зімовы перыяд арганізацыя, якая аказвае паслугі па рамонту і тэхнічнаму абслугоўванню тэхнікі і абсталявання, удзель­­нікі семінара пераканаліся, наведаўшы ААТ “Ма­ларыцкая рай­агра­прамтэхніка”. Асноў­ны акцэнт знаёмства з рознымі структурнымі падраздзяленнямі рай­аграпрамтэхнікі быў зроблены на арганізацыю працоўных месцаў, зручнасць правядзення рамонтных работ, забеспячэнне неабходным для рамонту абсталяваннем і запаснымі часткамі.
На пленарным пасяджэнні семінара-нарады былі падведзены вынікі работы па пастаноўцы тэхнікі на захоўванне, добра­ўпарадкаванні машынных двароў, а таксама абмеркаваны задачы па арганізацыі рамонту тэхнікі на перыяд 2013-2014 гг., забеспячэнні сельгасарганізацый воблас­ці запчасткамі, рамонтнымі матэрыя­ламі, захаванні праві­лаў па ахове працы пры правядзенні рамонтных работ, заслуханы справаздачы некаторых інжынераў райсельгасхарчаў, начальнікаў інспекцый Дзяржнаглядаў і дырэк­тараў райаграсервісаў вобласці.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час семінара-нарады.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 13.11.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!