ТАЯ ЗАВАДСКАЯ ПРАХАДНАЯ…
…Мы сустрэліся з аператарам лініі па вытворчасці харчовых прадуктаў ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” Алай Пішчык, калі завяршалася начная змена. На твары жанчыны стомы не адчувалася. І на пытанне “Што найбольш запомнілася за 8 гадзін работы?” яна адказала: “Напэўна, адчуванне радасці на душы, бо з канвеера ідзе паўфабрыкат. Ён аснова перапрацаванай прадукцыі”, – заключае Ала, і на яе прыемным строгім твары і ў добрых вачах заўважаю перакананасць у важнасці і патрэбнасці яе справы.
Вось ужо 21 год, як Ала Пішчык працуе на камбінаце, не адна сотня змен прайшлі цераз рукі і сэрца, а здаецца ёй, як расказвае, што кожная новая змена, кожны новы дзень на завадской прахадной пачынаецца, як калісьці першы.
– На работу іду заўжды з задавальненнем, – гаворыць Ала, і гэтыя словы пераконваюць у адданасці роднаму прадпрыемству, калектыву, справе.
Ала працуе на ўчастку стэрылізацыі прадукцыі. А гэта самы адказны ўчастак у кансервавым цэху: як прадукцыя прастэрылізуецца, такой яна і захаваецца. За змену тут вырабляюць 10-11 тон паўфабрыкату.
– Вядома, не кожны згаджаецца працаваць на гэтай аперацыі, – гаворыць старшы майстар Ганна Дацык. – Ала Пішчык вельмі адказны і добрасумленны чалавек, перажывае за справу. Калі яна за пультам, можна не сумнявацца, што ўсё будзе выканана бездакорна, бо яна да ўсяго прыкладае душу і рукі.
За добрасумленную працу і ў сувязі з прафесійным святам Ала Пішчык узнагароджана Граматай канцэрна “Белдзяржхарчпрам”.
Акрамя прафесіяналізму, у калектыве адзначаюць яе чуласць і душэўнасць. Вось такая яна, Ала Пішчык, праца і жыццё для якой – адно непадзельнае цэлае.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Ала ПІШЧЫК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.
Опубликовано в “ГЧ” 16.11.2013 г.