У чытальнай зале раённай бібліятэкі прайшоў круглы стол “Прафілактыка кіберзлачыннасці”

   Мерапрыемства праводзілася сумесна з аддзяленнем комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

   На сустрэчу да маларытчан-пенсіянераў прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзмітрый Кушнароў, галоўны спецыяліст рознічнага бізнесу ААТ “ААБ Беларусбанк” Ірына Сасноўская,  а таксама загадчыца аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання Вольга Антонава. Вядучыя мерапрыемства загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Валянціна Ібрагімава і спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іна Касцючык акцэнтавалі ўвагу прысутных на тым, што ў сучасных рэаліях пры высокім узроўні развіцця інфармацыйных тэхналогій і адпаведным росце кіберзлачынстваў важна павышаць пісьменнасць насельніцтва ў гэтым накірунку, каб не стаць ахвярай  злачынцаў. Круглы стол якраз і праводзіўся з гэтай мэтай.

    З цікавасцю слухалася выступленне начальніка РАУС Дзмітрыя Кушнарова. Ён расказаў аб асноўных аспектах прафілактыкі кіберзлачыннасці ў Рэспубліцы Беларусь. Ахвярамі кіберзлачынцаў становяцца людзі розных узростаў і сфер дзейнасці ‒ ад пенсіянераў да банкаўскіх работнікаў. Як правіла, ашуканцы выдаюць сябе за прадстаўнікоў той ці іншай афіцыйнай арганізацыі, каб падманным шляхам прымусіць грамадзян раскрыць асабістую інфармацыю і даць злачынцам доступ да грошай, тавараў або паслуг.

   Падчас сустрэчы размова ішла пра метады і спосабы здзяйснення найбольш распаўсюджаных відаў злачынстваў ‒ падману даверлівых грамадзян, былі закрануты пытанні выяўлення і раскрыцця злачынстваў, якія здзяйсняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, а таксама ‒выкрыцця асоб, якія іх ажыццявілі.  Прысутныя даведаліся, якая прававая адказнасць прадугледжана за кіберзлачынствы ў нашай краіне.

  Удзельнікам круглага стала галоўны спецыяліст рознічнага бізнесу Ірына Сасноўская таксама нагадала, што такое фішынг, вішынг, кардзінг,    ip-спуфінг, як абараніць сваю банкаўскую карту ад злачынцаў, расказала пра тыповыя схемы выманьвання грашовых сродкаў з пластыкавых картак.

   Вынікі работы круглага стала падвёў Алег Якубчык. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што неабходна быць абачлівым, уважлівым, і калі ўзнікаюць нейкія падазрэнні, што тычацца банкаўскіх картак, то для высвятлення ўсіх незразумелых пытанняў лепш за ўсё патэлефанаваць у банк ці ў дзяжурную часць РАУС.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий