У раёне падтрымалі рэспубліканскую акцыю «Фабрыка здароўя: дні прафілактыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі і інсульту»

Падлічана, што каля паловы насельніцтва развітых краін памірае ад сардэчна-сасудзістых захворванняў. Сярод іх найбольшую пагрозу для жыцця чалавека ўяўляюць інсульты і інфаркты. Аднак яны не ўзнікаюць раптоўна, ім папярэднічаюць захворванні сэрца і сасудаў, на якія людзі часта проста не звяртаюць увагі. Каб пазбегнуць цяжкіх захворванняў, трэба больш увагі надаваць свайму здароўю, перыядычна наведваць тэрапеўта, сачыць за змяненнямі артэрыяльнага ціску, сказаць “не” шкодным звычкам, весці актыўны лад жыцця, але ж не перагружаць свой арганізм.
У час рэспубліканскай акцыі “Фабрыка здароўя: дні прафілактыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі і інсульту”, якая праходзіла ў цэнтральнай раённай аптэцы №14 і ў паліклініцы райбальніцы на мінулым тыдні, усе наведвальнікі аптэкі маглі змераць артэрыяльны ціск, даведацца, ці ў норме знаходзіцца іх індэкс масы цела, а таксама атрымаць кансультацыі ўрача-тэрапеўта і валеолага райбальніцы па пытаннях прафілактыкі захворванняў сістэмы крывазвароту.
— Такія акцыі, перш за ўсё, неабходны, каб весці адкрыты дыялог з людзьмі, накіраваць іх на здаровы лад жыцця, своечасова выявіць хваробу сэрца і сасудаў, бо нават павышаны артэрыяльны ціск можа падказаць, што развіваецца сур’ёзная хвароба. Мы стараемся павышаць узровень медыцынскіх ведаў у насельніцтва, фарміраваць у іх устаноўкі на захаванне і ўмацаванне здароўя, — адзначыла ўрач-валеолаг райбальніцы Вольга Кавалеўская.
За 2 гадзіны, пакуль праходзіла акцыя, артэрыяльны ціск змерала больш за 230 маларытчан ва ўзросце ад 20 да 65 гадоў. Многія з тых, у каго ён быў павышаны, а гэта 36 працэнтаў ад усіх удзельнікаў акцыі, ужо даўно пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, а таму добра ведаюць, якія прэпараты трэба прымяняць, каб дапамагчы свайму арганізму змагацца з хваробай. Але і ім кансультацыя тэрапеўта была нялішняй. Асаблівая ўвага надавалася тым, у каго праблемы з артэрыяльным ціскам толькі пачынаюцца. Своечасова выявіць хваробу – гэта і была асноўная мэта акцыі.
Дар’я ЛУЦЫК.
На здымку: у час акцыі ў раённай аптэцы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 27.11.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.