НЕГАТЫЎ ГЕНА

1. У адной запрэжцы
У Велікарыцкім сельскім Савеце пад старшынствам Вадзіма Шпетнага прайшло выязное пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”. Чаму менавіта ў Велікарыцкім сельскім Савеце? Тут найбольш сем’яў, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што работу з такімі сем’ямі ў названым сельскім Савеце не пускаюць насамацёк. Як адзначыў старшыня Віктар Кірычун, сельвыканкам сумесна з установамі адукацыі, медыцыны, праваахоўнывмі органамі, працоўнымі калектывамі прымаюць шэраг мер арганізацыйнага і практычнага характару, накіраваных на выкананне патрабаванняў Дэкрэта №18. Скаардынаваная дзейнасць вышэй пералічаных суб’ектаў прафілактыкі з’яўляецца найбольш дзейсным сродкам узаема­дзеяння ў рэалізацыі Дэкрэта па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, дзяржаўнай абароне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Камісія па справах непаўналетніх пры сельвыканкаме з’яўляецца сувыканаўцай Дэкрэта №18. Пытанні выканання патрабаванняў гэтага дакумента ўключаны ў планы работы і рэгулярна абмяркоўваюцца на пасяджэнні камісіі. Пры планаванні работы на год камісія ўлічвае прапановы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі.
Як у камісіі, так і ва ўстановах адукацыі, медыцыны, культуры ёсць адзіны банк дадзеных па сем’ях, якія патрабуюць пастаяннай увагі, і дзецях, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, звесткі аб непаўналетніх, што стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, унутрышкольным уліку. Ёсць таксама спісы дзяцей, якія маюць схільнасць да шкодных звычак. Гэтыя дадзеныя з улікам змяненняў пастаянна абнаўляюцца і шляхам узаемаінфармавання даводзяцца да ўсіх зацікаўленых.
У аснову прафілактычнай работы з непаўналетнімі і сем’ямі, якія выклікаюць трывогу, пакладзены індывідуальны падыход.
— Сёння мы канстатуем той факт, — падкрэсліў Віктар Кірычун, — што прычынамі сямейнага нядобрабыту з’яўляюцца ўхіленне бацькоў ад выхавання і ўтрымання дзяцей, адсутнасць кантролю з іх боку за тым, як і дзе, з кім дзеці праводзяць свой вольны час, п’янства аднаго ці абодвух бацькоў, ігнараванне элементарнымі санітарна-гігіенічнымі нормамі ў дамах, нежаданне стварыць адпаведныя ўмовы дзецям для пражывання і падрыхтоўкі да школьных заняткаў.
І як толькі ў поле зроку трапляе тая ці іншая сям’я, прадстаўнікі зацікаўленых службаў ідуць туды, вывучаюць прычыны і ўмовы, што садзейнічалі нядобрабыту, матэрыяльна-бытавое становішча сям’і, каб адразу вызначыцца, якую далейшую работу трэба весці, аказаць дапамогу ў працаўладкаванні, адрасную сацыяльную дапамогу і інш.
Віктар Мікалаевіч адзначаў, што ў многіх сем’ях пасля гэтага мяняецца абстаноўка. Ён ці яна ўладкоўваюцца на работу, кадзіруюцца, наводзяць парадак у жыллі. Таму некаторыя сем’і былі зняты з уліку.
— У выніку праводзімай работы мы дабіліся, — гаварыў Віктар Кірычун, — што колькасць сямей, якія былі прызнаны неспрыяльнымі, скарацілася з 13 (у іх налічвалася 27 дзяцей) да 7 (з 15 дзецьмі).
Але кіраўнік мясцовай улады з жалем паведамляў, што на змену адным нядобрым сем’ям ставяцца на ўлік іншыя — у гаспадарку шмат прыязджае «гастралёраў».

2. Хто яны, “гастралёры”?
Недахоп работнікаў у многіх гаспадарках не дазваляе кіраўніцтву іх глыбока вывучаць сацыяльны статус так званых “гастралёраў”, якія часта пераязджаюць з аднаго месца ў другое. А гастралююць, як паказвае практыка, такія, хто любіць “падзакласці”, не вылучаецца асобым стараннем у рабоце, ды і як сем’янін не заўсёды адказны, а то і зусім безадказны. Доўга “раскусваць” такіх не трэба. Пражыўшы на новым месцы нават некалькі дзён, “гастралёры” звычайна ўжо заяўляюць аб сабе. І, за рэдкім выключэннем, не з лепшага боку. Дзеці з такіх сямей вылучаюцца таксама. Найчасцей дрэннымі паводзінамі, абыякавасцю да вучобы. Не выключэнне і правапарушэнні, што яны ўчыняюць.
За перыяд з 2010 па 2013 год у Велікарыцкай сярэдняй школе, як удакладніла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Любоў Гаўрылюк, было выяўлена 11 неспрыяльных сямей, 6 з іх — з ліку прыезджых. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў гаспадарках, калі бяруць “гастралёраў” на работу, стараюцца стымуляваць іх да добрасумленнай працы, многім адразу выдзяляюць добраўпарадкаванае жыллё, даюць нядрэнную работу. Але, на жаль, такія стымулы і проста чалавечыя адносіны мала на каго з “гастралёраў” уздзейнічаюць станоўча. Большасць ужо ў хуткім часе самі раскрываюць свой сацыяльны статус: жыллё становіцца рассаднікам антысанітарыі і бруду, на рабоце прагульваюць, злоўжы­ваюць спіртным.
У той жа велікарыцкай гаспадарцы алказалежным таксама стараюцца дапамагчы, у прыватнасці, прапаноўваюць такі метад лячэння, як кадзіраванне. Прычым, за кошт гаспадаркі. Праўда, калі чалавек «зрываецца», ён абавязаны вярнуць назад заплачаныя за лячэнне грошы. Зноў жа, на жаль, і такі метад станоўча ўздзейнічае не на ўсіх.

3. Дрэнны вопыт – таксама вопыт
Акрамя нядобранадзейных “гаст­ралёраў”, шмат турбот і кіраўніцтву гаспадаркі, і кіраўніцтву мясцовага сельсавета, і многім іншым зацікаўленым службам дастаўляюць і свае мясцовыя абыякавыя бацькі, многім з якіх гэтая якасць перадалася ў спадчыну.
Успамінаю далёкія 90-я гады, калі я ў складзе рэйдавай брыгады наведвала сям’ю Цімошыных з Дубічна. У калгасным доме, дзе тады жыла шматдзетная сям’я, не было дзе ступіць з-за беспарадку. Бацькі не надавалі належнай увагі сваім дзецям. Ставілася пытанне аб пазбаўленні іх бацькоўскіх правоў.
Прайшло амаль 30 гадоў з таго часу. Гаспадара сям’і ўжо няма ў жывых, гаспадыня з’яўляецца абавязанай асобай. Яна павінна заплаціць дзяржаве амаль 45 мільёнаў рублёў. Цяпер на пасяджэннях камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, іншых ужо абмяркоўваюць паводзіны і ўчынкі дзяцей Цімошыных, якія стварылі свае сем’і ці спрабуюць іх стварыць. “Сімптомы” адны і тыя ж – не вельмі ахвочыя да работы, любяць прыкласціся да чаркі, не падтрымліваюць належны санітарны парадак там, дзе жывуць. Карацей кажучы, на змену аднаму пакаленню, прыйшло другое, якому ў спадчыну перадалося ўсё тое, чым быў напоўнены бацькоўскі дом. Зрэшты, пакуль нічым добрым не зарэкамендоўвае сябе і ўжо трэцяе пакаленне – дзеці дзяцей Цімошыных. У той дзень на пасяджэнне былі запрошаны дочкі Цімошыных, адна з іх – разам са сваім сынам. У 14 год Алег ужо выпівае, ва ўсякім выпадку, не так даўно трапіў пад увагу ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі: позна вечарам ён без суправаджэння дарослых гуляў на вуліцы. Больш таго, быў нецвярозым, што пацвердзілі дадзеныя медыцынскага агляду. У крыві падлетка ўтрымлівалася 1,19 праміля спіртнога. Участковы інспектар склала адміністрацыйны пратакол, і згодна з Адміністрацыйным кодэксам бацькі Алега могуць быць аштрафаваны на больш чым мільён рублёў.
Дарэчы, у сям’і бацькоў Алега, акрамя яго, ёсць і яшчэ чацвёра дзяцей. Як устанавілі пры вывучэнні сітуацыі прадстаўнікі зацікаўленых службаў, бацька Алега доўгі час нідзе не працаваў, ставіў сваю сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча. Была заўважана ва ўжыванні спіртнога і маці. Яна таксама перыядычна не працавала, пакідала дзяцей без нагляду, ухілялася ад выканання сваіх мацярынскіх абавязкаў. Прадстаўнікі мясцовай улады расказвалі, што калі разам з кіразўніцтвам школы выязджалі ў гэтую сям’ю, дзеці часта былі дома адны і галодныя. Нічога не заставалася, як ехаць у магазін, купляць прадукты, каб накарміць малых.
І сельвыканкам, і школа, і медыкі ўзялі гэтую сям’ю пад асобы кантроль і апеку, распрацавалі шэраг мер, каб палепшыць абстаноўку ў ёй. Сельвыканкам дапамог гаспадару ўладкавацца на работу, спачатку рабочым у сельсавет, дзе яго штодзённа кантралявалі. Пытанняў да Мікалая не было, таму яго перавялі на іншую, больш аплатную работу. Цяпер ён працуе зноў у лясніцтве, дзе працаваў і раней. Маці, Валянціна, дала згоду на кадзіроўку. У сям’і пакуль нармальная абстаноўка. Але гэта, напэўна, ужо ніякім чынам не паўплывае на дзяцей, бо няхай сабе бацькі і не будуць піць, добрага вопыту выхавання яны не маюць: ім яго не перадалі іх бацькі. Апошнія не навучылі сваіх сыноў і дачок самаму неабходнаму, самым простым бытавым навыкам, а тыя, у сваю чаргу, не змогуць стаць добрым прыкладам і для сваіх дзяцей, што пацвярджаюць вышэй прыведзеныя прыклады.

4. “А мне па-барабану…”
Не сталі добрым прыкладам для сваіх дзяцей і бацькі з другой сям’і, Васьковых. Гаспадар яе самаўхіліўся ад сваіх бацькоўскіх абавязкаў, ён антыграмадска паводзіць сябе, любіць выпіць. Маці хоць і не п’е, але станоўчага ўздзеяння на дзяцей зноў жа не аказвае. І як вынік – старэйшы сын Васьковых цяпер знаходзіцца пад следствам. Малодшыя – дачка і сын, таксама не на добрым рахунку ў школе, асабліва 9-класнік Іван. Ён курыць, выпівае, агрэсіўна паводзіць сябе. Нават на пасяджэнне савета, куды Іван прыйшоў разам з маці, ён быў задзірлівы, на пытанні членаў савета адказваў груба, насмешліва, маўляў, дакажыце, што я выпіваю ці куру.
А лепшага і не трэба было чакаць, бо гэтак жа ў адносінах да іншых паводзіць сябе і бацька Івана. Яго любімая рэпліка, калі размова заходзіць пра тое, што не надае належнай увагі выхаванню дзяцей: “А мне па-барабану”.
У поле зроку сельвыканкама знаходзіцца і сям’я Аліны, якая выхоўвае непаўналетняга сына. Маці вельмі часта забывае, што ён у яе ёсць, аддае перавагу спіртному. Праўленне СВК “Рыта” знайшло магчымасць выдзеліць Аліне жыллё, ёсць у яе работа, аднак нармальны лад жыцця яна не вядзе.
Не ўдаецца пакуль дабіцца станоўчых вынікаў і ў сям’і Валерыя і Ніны, у якіх трое непаўналетніх дзяцей. Апошнія часцей за ўсё прадастаўлены самі сабе. А гэта прывяло да таго, што старэйшая дачка Валерыя і Ніны, Людміла, сама нядаўна стала маці, хаця і вучыцца яшчэ ў 11 класе.

Калі падагульняць сказанае, дык вывад напрошваецца сам па сабе: наўрад ці нам удасца вырашыць праблему нядобранадзейных сем’яў, калі з пакалення ў пакаленне будзе перадавацца негатыў гена.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Велікарыта.
(З этычных меркаванняў сапраўдныя імёны і прозвішчы герояў публікацыі зменены).

Опубликовано в «ГЧ» 27.11.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.