“Звонкая раніца” — для Аляксея Барысюка

Аляксей Барысюк, вучань 7 “А” раённай гімназіі, па выніках кастынгу стаў фіналістам чацвёртага сезона рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца”. Фінал песеннага спаборніцтва традыцыйна пройдзе ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. З 11 па 31 студзеня 2014г. 43 лепшых юных спевакоў з усёй краіны, што адабрала кампетэнтнае журы, будуць змагацца за тытул уладальніка гран-пры конкурсу.
— Творчае спаборніцтва па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца” праводзіцца сярод вучняў 7-11 класаў, — гаворыць Аляксакндр Барысюк, бацька Аляксея. — Сёлета кастынг праходзіў у 12 гарадах краіны. У пачатку лістапада сын на адным з іх пабываў у Камянцы. На суд журы Аляксей прадставіў песню “Пой со мной” (яе на дзіцячым Еўрабачанні-2013 выканае Ілья Волкаў, які з’яўляецца аўтарам слоў і музыкі).
Для Аляксея Барысюка гэта – чарговая перамога на шляху да вялікай сцэны. Хлопец яшчэ дакладна не вызначыўся, з якой прафесіяй хоча звязаць сваё жыццё. Аднак выступае ён як спявак з пяцігадовага ўзросту.
— Першы раз песню перад вялікай аўдыторыяй выканаў на выпускным у дзіцячым садку, — кажа Аляксей. – Мне цяпер ва ўсім дапамае бацька. У яго вучуся. Ужо 7 гадоў займаюся ў дзіцячай узорнай студыі “Забава”.
Для Аляксея Барысюка 2013г. удалы ў творчым плане. Ён стаў дыпламантам абласнога фестывалю-конкурсу эстраднага мастацтва “Рытмы маладосці” (сольны нумар), дыпламантам ХІІ фестывалю праваслаўных песнапенняў “Спявайце Богу нашаму, спявайце” (сольны нумар), дыпламантам абласнога туру рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур” (разам з сястрой Сафіяй і бацькам). У скарбонцы песенных дасягненняў Аляксея яшчэ і дыплом удзельніка рэспубліканскага конкурсу “Шлях да зорак”.
— Песні падабаецца вы­кон­ваць на трох мовах: беларускай, рускай і ўкраінскай, — гаворыць Аляксей. – Папярэдне на кастынг “Звонкай раніцы” зрабілі заяўку з 2 песень. Аднак журы перавагу аддало эстраднай.
— А колькі часу рыхтаваўся да ўдзелу ў конкурсе?
— Два тыдні. Песню выбраў сам. Яна мне спадабалася адразу, як толькі пачуў. Але ў тым, што выйду ў фінал спаборніцтва, упэўненасці не было. Канкурэнцыя была моцнай.
* * *
У “Зубраняці” Аляксея Барысюка, як і ўсіх фіналістаў, чакаюць заняткі з педагогамі па вакале і харэаграфіі, майстар-класы, фотасесіі, справаздачныя канцэрты… На іх маларытчанін пакажа вынікі работы на працягу праекта.
Падтрымаць Аляксея хутка можна будзе SMS-галасаваннем. Яго вынікі падвядуць на гала-канцэрце. Тым, хто хочааддаць свой голас за Аляксея Барысюка, неабходна зазірнуць на сайт конкурсу, які знаходзіцца па адрасе: www.zr.ng-press.by.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Аляксей Барысюк, фіналіст чацвёртага сезона рэспублі­канскага конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 27.11.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.