У ЦЁПЛАЙ ХАТНЯЙ АТМАСФЕРЫ

Сярод шматлікіх абавяз­каў сацыяльнага работніка ключавым з’яўляецца дапамога. Мы дапамагаем на самым простым бытавым узроўні: набыць прадукты, прамтавары, прыбраць у кватэры, згатаваць абед, збегаць у аптэку, суправадзіць у бальніцу, аформіць даведку ў нейкай дзяржаўнай установе. Але мы, сацыяльныя работнікі, упэўнены, што арганізацыя культурнага адпачынку для нашых падапечных – гэта таксама вельмі важная складаемая нашай работы. Хочацца зрабіць больш вясёлымі шэрыя будні, перамагчы манатоннасць дзён, раздзяліць усе цяжкасці жыцця вясковага пенсіянера, тым больш, што жыццё некаторых абмяжоўваецца тэрыторыяй двара, а многія і ўвогуле бачаць навакольны свет толькі праз акенца, не пакідаючы сцены свайго пакою.
Можа, менавіта таму для нашых падапечных нечаканым і прыемным падарункам сталі пасядзелкі, якія мы, сацыяльныя работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ДзУ “Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, правялі ў вёсцы Дрочава, у доме гасціннай гаспадыні Марыны Пятроўны Кухарчук. Запрошаныя на сустрэчу пачулі ў свой адрас шмат добрых, цёплых, шчырых слоў. Работнікі Арэхаўскага Дома культуры падарылі пажылым людзям задушэўныя песні іх маладосці, а загадчыца мясцовай установы культуры Надзея Навумчык напомніла аб некаторых цікавых фактах з біяграфій пенсіянераў, адлюстраваных у кнізе “Памяць”.
Сустрэча прайшла ў цёп­лай хатняй атмасферы. Нашым бабулям былі падораны вершы, якія склалі мы самі, песні пад гітару, добры настрой. Прыемным сюрпрызам для ўсіх стаў торт у выглядзе кошыка з кветкамі, які ўпрыгожыў “салодкі” стол.
Радасцю свяціліся вочы нашых падапечных. Ва ўсіх іх свой нялёгкі лёс, і нам дастаўляе вялікае задавальненне зрабіць іх хоць на імгненне крышачку шчаслівымі. А самай галоўнай узнагародай з’яўляюцца іх шчырыя словы падзякі.
Ала ЛУЦЫК, Валянціна ДУДАРЧУК, Валянціна КОРАНЬ, сацыяльныя работнікі.
НА ЗДЫМКУ: у час пасядзелак.

Опубликовано в «ГЧ» 27.11.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.