Цвярозым за баранку сядай, шафёр…

24 кастрычніка г.г. уступіў у сілу закон РБ “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення”.
Напомню, што арт. 317-1 КК прадугледжвае крымінальную адказнасць за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая села за руль у стане алкагольнага ап’янення, перадачу аўтамабіля такой асобе альбо адмаўленне ад праходжання медагляду. Законам унесена дапаўненне ў ч. 6 арт. 61 КК, згодна з якім па ўсіх крымінальных справах па арт. 317-1 КК, злачынствы па якіх былі ўчынены, пачынаючы з 24 кастрычніка 2013 г., незалежна ад права ўласнасці транспартны сродак, якім кіравала асоба, падлягае спецыяльнай канфіскацыі (за выключэннем транспартных сродкаў, што выбылі з законнага валодання ўласніка (карыстальніка) незалежна ад яго волі ці ў выніку супрацьпраўных дзеянняў іншых асоб).
Арт. 317 КК дапоўнены часткамі 4 і 5, якія прадугледжваюць павышаную крымінальнаю адказнасць асоб, што ўчынілі аварыю з цяжкімі вынікамі, калі селі за руль п’янымі.
Так, напрыклад, згодна з ч. 5 прадугледжана крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі ад 4 да 10 гадоў з пазбаўленнем правоў за парушэнне Правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе імі ў стане алкагольнага, наркатычнага ап’янення альбо пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, калі настала па неасцярожнасці смерць двух і больш чалавек.
Варта звярнуць увагу таксама на тое, што новым Законам за парушэнне заканадаўства ў плане бяспекі дарожнага руху павялічаны максімальны памер адміністрацыйнага штрафу, што накладваецца на фізічную асобу, да 200 базавых велічынь (быў да 100 базавых велічынь).
Хочацца спадзявацца, што змяненні ў заканадаўстве акажуць дзейснае прафілактычнае ўздзеянне і знізяць колькасць нецвярозых вадзіцеляў, а таксама дарожна-транспартных здарэнняў з іх удзелам.
Раман ГУЗЮК, пракурор раёна.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.