ШЭСЦЬ ДЗЕСЯЦIГОДДЗЯУ — З ДЗIЦЯЧАЙ КНIГАЙ

2013 год для дзіцячай бібліятэкі юбілейны. Прайшло 60 гадоў з таго часу, калі дзіцячая бібліятэка працуе як самастойнае падраз­дзяленне. Кніжны фонд яе першапачаткова складаў 2400 экземпляраў.
Гісторыя кожнай установы ствараецца яе супрацоўнікамі, і самая галоўная каштоўнасць – гэта людзі. Выклікае павагу праца тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння бібліятэкі. Галіна Іванаўна Корд узначаліла яе ў 1953 годзе і аддала рабоце 35 гадоў свайго жыцця. Большая частка гісторыі бібліятэкі пераплятаецца з працоўнай біяграфіяй Галіны Іванаўны.
У розныя гады тут працавалі людзі, якія ўкладвалі часцінку сваёй душы ў бібліятэчнае абслугоўванне дзяцей нашага горада. Гэта Лідзія Сіняк, Вера Касько, Лілія Князьская, Яўгенія Князева, Майя Засімовіч, Вольга Гадзецкая, Надзея Ляўчук, Людміла Андрэюк, Марыя Падалінская, Валянціна Нікалаева, Вера Крысіна, Вера Бушунова, Наталія Халізева, Юлія Казлоўская. Больш за 10 гадоў (з 1988 па 1989 год) дзіцячую бібліятэку ўзначальвала Надзея Мікалаеўна Кур­дзюк (цяперашні дырэктар ЦБС), якая прыйшла на змену Галіне Іванаўне. Сёння чытачоў абслугоўвае калектыў бібліятэкараў, які складаецца з Таццяны Чыкіта, Алы Карабейка, Дзіяны Пашкевіч, Жанны Тарасюк пад кіраўніцтвам Таццяны Крысінай.
Ва ўсе часы дзіцячая бібліятэка ў горадзе з’яўлялася цэнтрам далучэння дзяцей да кнігі. Асноўны накірунак яе дзейнасці — фарміраванне культуры дзіцячага чытання. Традыцыйным партнёрам у дасягненні гэтай мэты заўсёды былі ўстановы адукацыі. Цеснае супрацоўніцтва бібліятэкі і школы станоўча ўплывала і ўплывае на ўсебаковае фарміраванне падрастаючай асобы.
Сярод мерапрыемстваў найбольшай папулярнасцю ў дзяцей заўжды карысталіся чытальніцкія канферэнцыі, літаратурныя суды, гульні “Адгадай кнігу”, конкурсы “Марафон эрудытаў”, сустрэчы-прэзентацыі дзіцячай літаратурнай творчасці ў літаратурным салоне. Асаблівых поспехаў дасягнуў лялечны тэатр “Вясёлка” (стваральнік і кіраўнік Н.М. Курдзюк, кіраўнік В.І. Крысіна), які стаў пераможцам абласнога агляду-конкурсу лялечных тэатраў у 1993 годзе.
З 2000 года ў дзіцячай бібліятэцы з’явілася камп’ютарная тэхніка. З таго часу пачаўся новы віток развіцця гісторыі. Цяпер дзіцячая бібліятэка – гэта цэнтр чытання, інфармацыі і зносінаў. Фонд дакументаў яе налічвае 26,5 тысяч экземпляраў. Бібліятэка аказвае шырокі спектр паслуг у атрыманні інфармацыі. Распрацавана і працуе праграма па падтрымцы чытання “Кніга чакае цябе, чытач”, праект па патрыятычнаму выхаванню “І завецца Беларуссю родны край – зямля твая”.
Ідучы ў нагу з часам, развіваючыся, дзіцячая бібліятэка захоўвае і цэніць традыцыі мінулага.
Таццяна КРЫСІНА, намеснік дырэктара па рабоце з дзецьмі.

Опубликовано в «ГЧ» 27.11.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.