КАЛІ “СЭРЦА” НАДЗЕЙНАЕ

Традыцыйны штогадовы конкурс машынных двароў завяршыўся ўжо. Нядаўні семінар, удзельнікамі якога былі кіраўнікі і галоўныя інжынеры сельгасарганізацый раёна, і дзе падведзены вынікі, стаў апошнім акордам гэтага конкурсу.
Машынны двор называюць жалезным сэрцам гаспадаркі. Ад таго, наколькі надзейна яно працуе, залежыць работа ўсіх астатніх галін. Калі кіраўнік і спецыялісты інжынерна-тэхнічнай службы працуюць і пастаянна думаюць пра ўдасканальванне, жывуць будучым і навізной, тады ў гаспадарцы на ўзроўні і працоўная, і тэхналагічная дысцыпліна, а значыць ёсць і вытворчыя вынікі, у чым маглі пераканацца ўдзельнікі семінара, наведаўшы машынныя двары СВК “Чарняны”, “Дарапеевічы”.
Конкурс сёлета праводзіўся па 18 намінацыях. Балы камісія выстаўляла за стан гаражоў, боксаў, павецяў, утрыманне тэрыторыі мехдвара, стан пляцовак міжсезоннага, кароткачасовага і доўгачасовага захоўвання тэхнікі, аснашчэнне склада гаруча-змазачных матэрыялаў, наяўнасць вонкавага агароджання, мойкі тэхнікі, санітарна-бытавыя умовы і г.д. Найбольшую колькасць балаў атрымаў машынны двор СВК “Дарапеевічы”, якому прысуджана першае месца ў конкурсе, найменшую – СВК “Ляхаўцы”. Гэтая гаспадарка ў маршрут семінара была ўключана таксама, для таго, каб пераканацца, што праблем ва ўтрыманні машыннага двара тут яшчэ шмат і над імі трэба працаваць. Бо ў фінансава-эканамічным становішчы гэтага сельгаскааператыва таксама не без праблем. Другое і трэцяе месцы ў конкурсе прысуджаны адпаведна СВК “Чарняны” і “Чырвоны партызан”. У гэтых гаспадарках, як адзначыў намеснік начальніка райсельгасхарчу Вячаслаў Федзюковіч, шмат зроблена па навядзенні парадку, стварэнні належных умоў для працы механізатараў і рамонтнікаў.
— А дзе ёсць гаспадар, там адчуваецца парадак, там ёсць і вынікі, там дасягаецца эфектыўнасць гаспадарання, — падкрэсліў Вячаслаў Федзюковіч, падводзячы вынікі работы семінара.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: на машынным двары ў СВК “Дарапеевічы”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 7.12.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!