ГАНАРОВАЯ МІСІЯ

2013 год ужо стаў гісторыяй. Установы, прадпрыемствы, арганізацыі падводзяць вынікі працы за мінулы год. Якім ён быў для Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў? Што зроблена, якія пытанні яшчэ канчаткова не вырашаны на сённяшні дзень? Адказаць на гэтыя пытанні мы папрасілі Пятра Губея, старшыню райсавета.
— У мясцовым Савеце дэпутатаў ХХVІ склікання, тэрмін паўнамоцтваў якіх завяршаецца,працавалі дастойныя людзі, — кажа Пётр Вікенцьевіч. – Яны мелі за плячамі багаты жыццёвы вопыт, жаданне працаваць на карысць Маларытчыны, павышэння ўзроўню і якасці жыцця людзей. Галоўнае, напэўна, тое, што народныя абраннікі добра ведалі, якія пытанні хвалявалі мясцовае насельніцтва, не адмахва­ліся ад таго, з чым звяр­таліся да іх. Дэпутаты імкнуліся ўважліва выслухаць кожнага чалавека, які прыйшоў за дапамогай, і аператыўна вырашыць яго праблемы, калі была такая магчымасць. Калі ж не, то тактоўна, далікатна, даходліва растлумачвалі, чаму неабходна пачакаць ці па якой прычыне не можам дапамагчы. Перакананы, што дэпутаты ХХVІ склікання не былі абыякавымі да праблем сваіх выбаршчыкаў.
Раённы Савет дэпутатаў ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе законаў Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў”, а таксама Рэгламента, зацверджанага Саветам, у якім вызначаны парадак падрыхтоўкі, унясення і разгляду пытанняў на сесіях, пасяджэннях прэзідыума Савета. За 2013 г. праведзены 4 планавыя сесіі, 2 – пазачарговыя, адбылося 4 пасяджанні прэзідыума (з іх адно – выязное) і 4 – пастаянных камісій, якія былі накіраваны на вырашэнне сацыяльных, эканамічных і палітычных праблем мясцовага значэння, зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў грамадзян, асаблівасцяў развіцця Маларытчыны.
Асноўнай дзейнасцю органаў мясцовага самакіравання з’яўляецца работа з насельніцтвам. Галоўная задача — своечасовае вывучэнне праблем, якія хвалююць грама­дзян, аператыўнае рэагаванне на запыты, прапановы і просьбы, пошук магчымасцей і шляхоў іх вырашэння. Станоўчых вынікаў, перакананы, можна дасягнуць толькі тады, калі аб’ядноўваюцца намаганні раённага Савета і райвыканкама, кіраўнікоў СВК, раённых службаў і насельніцтва.
— Пётр Вікенцьевіч, якім быў дэпутацкі корпус райсавета ХХVІ склікання?
— У ім было 30 дэпутатаў.Паспяхова спалучалі асноўную работу з дэпутацкімі абавязкамі Валерый Парчэўскі, Алег Нячай, Станіслаў Ляшчук, Анжэла Марчанка, Таццяна Камянчук,Сяргей Папко, Надзея Курдзюк, Ірына Наркевіч, Сяргей Сцепанюк, Леанід Селех, Іван Мелянчук, Наталля Паздзяйкіна, Васіль Юхімук, Міхаіл Перкавец і інш.Праца была плённай і выніковай. За мінулы год разгледжаны многія пытанні, выкананне прынятых рашэнняў па якіх стала важным для рэгіёна ў цэлым і насельніцтва ў прыватнасці. Гэта, напрыклад, такія пытанні, як навядзенне і падтрымка належнага санітарнага парадку на месцах пражывання і дваровых тэрыторыях; прафілактыка п’янства і правапарушэнняў; ахова працы; папярэджанне правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін і злачынстваў на глебе п’янства; захаванне пажарнай бяспекі; развіццё і падтрымка ўласных падсобных гаспадарак; рэалізацыя Рэгіянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Брэсцкай вобласці; эканомнае расходванне цяпла, газу, вады і электраэнергіі; адрасная сацыяльная дапамога; абарона насель­ніцтва ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару; добраўпарадкаванне населеных пунктаў;стан транспартнай бяспекі на дарогах Маларытчыны; удасканаленне добраахвотнага і абавязковага страхавання маёмасці грамадзян і гаспадарак раёна…
На пасяджэннях прэ­зідыума разглядаліся пытанні падрыхтоўкі і правядзення сесій, рэалізацыі выказаных на іх заўваг і прапаноў, выкананне прынятых рашэнняў, на пася­джэннях пастаянных камісій – праекты рашэнняў па пытаннях, што ўваходзяць у іх кампетэнцыю, забеспячэнне кантролю выканання прынятых рашэнняў.
Быць дэпутатам — ганаровая місія і ў той жа час вельмі адказная. Аказаны давер неабходна апраўдваць канкрэтнымі справамі, вырашаць на­дзённыя пытанні і наказы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 5.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!