СВОЙ СЯРОД СВАІХ

Спецыяліст па кормавытворчасці, дэпутат Чарнянскага сельскага Савета, член сельвыканкама, стараста вёскі, член савета аховы грамадскага парадку і проста прыемны чалавек – гэта ўсё пра яго, Сяргея Пятровіча Кіцеля з в. Дарапеевічы, дзе імя яго паважаемае.
Нехта мудра прыкмеціў, што шчырыя людзі заўжды простыя, з пачуццём павышанай адказнасці. Гэтую вядомую ісціну ўспамінаю кожны раз, калі сустракаюся з Сяргеем Пятровічам. Ад яго шчырай усмешкі зыходзіць магутная хваля абаяння. У Дарапеевічах – яго карані, тут ён нарадзіўся, і тут жа да гэтай зямлі прырос. Гаспадарка – яго адзінае месца працы, а актыўную жыццёвую пазіцыю ён прысвячае аднавяскоўцам і сваім выбаршчыкам. Дэпутатам з’яўляецца ўжо трэцяе скліканне.
— З жыхарамі маёй акругі, а гэта вёскі Малы і Вялікі Паўлопаль, даводзіцца працаваць па самых розных пытаннях. Дарогі, транспарт, нарыхтоўка сена для асабістых гаспадарак, медабслугоўванне – з усім гэтым людзі звяртаюцца да мяне.
А Сяргей Пятровіч у сваю чаргу стараецца вырашаць іх праблемы альбо сам, альбо з дапамогай кампетэнтных асоб. Выбаршчыкі яго ў асноўным пенсіянеры, і Сяргей Пятровіч стараецца кожны раз спрасціць для іх працэдуру звяртання па той ці іншай праблеме ці да старшыні гаспадаркі, ці ў сельвыканкам, куды трэба дабірацца аж за 18 кіламетраў.
— Іншы раз зойдзеш да іх у дом, проста пагаворыш, раскажаш пра парадак вырашэння пытання, і яны ўжо за гэта ўдзячныя. Задаволеныя, таму што атрымліваюць інфармацыю не з другіх, як гаворыцца, рук.
— Сяргей Пятровіч адносіцца да тых лю­дзей, хто ў дэпутацтва ўкладвае душу, шчырасць, у выніку яно становіцца нібы другім яго “я”, — гаворыць старшыня Чарнянскага сельскага Савета Юлія Плуцэнік. – Сяргей Пятровіч – чалавек слова, таму вельмі паважаны чалавек.
У Сяргея Пятровіча ёсць яшчэ абавязкі, сугучныя з дэпутацкімі. Ён з’яўляецца старастам вёскі Дарапеевічы. Чаго граху таіць, сацыяльна-бытавы партрэт сучасных вёсак стракаты. Калі бытавыя праблемы ў большасці сваёй у тых жа Дарапеевічах вырашаны, дык сацыяльных — цэлы букет. Нямала ёсць выпівакаў, не выкаранена дармаедства, некаторыя маладыя людзі цэлымі днямі бадзяюцца з кутка ў куток, не працуюць, так і намагаюцца нешта выкрасці, кудысьці “ўлезці”. Церпяць сем’і. І тут для Сяргея Пятровіча – воз работы. Даводзіцца кагосьці проста пажурыць, кагосьці пераконваць у тым, што вынік можа быць зусім сумны, а на кагосьці і пратакол разам з участковым інспектарам міліцыі скласці.
— Летась 2 чалавекі адправілі на лячэнне ў лячэбна-працоўныя ўстановы, — гаворыць Сяргей Пятровіч. — Іншых прыцягвалі да ўдзелу ў якіх-небудзь нязначных работах, каб адцягнуць ад дрэнных спраў і звычак. Хочацца заўжды дапамагчы, каб чалавек не прапаў. Таму штодзённай работы ў гэтым плане хапае і эфект пэўны ад яе ёсць.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: дэпутат Чарнянскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей КІЦЕЛЬ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 12.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!