Вольга Рыгораўна Карабчук бачыла вайну на свае вочы
У аграгарадку Чарняны ёсць помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і аднавяскоўцам. А за ім, у некалькіх метрах, стаіць яшчэ невялікі помнік ахвярам фашызму, які пастаўлены на месцы хлява, дзе былі спалены мясцовыя жыхары. Ля помніка – раней часта, цяпер радзей – бывае 86-гадовая Вольга Карабчук. Шлях ад свайго дома да гэтага жалобнага месца жанчына праклала яшчэ 70 гадоў таму. І кожны раз, як наведваецца сюды, слёзы самі бягуць з вачэй.
Вольга Рыгораўна нарадзілася ў сялянскай сям’і, у якой выхоўвалася чацвёра дзяцей. Праўда, сястра Марыя памерла ва ўзросце аднаго года, брат Мікалай – калі споўнілася паўтара года. Была яшчэ сястра Ганна. Аднак пасля вайны, калі яна пасвіла на лузе кароў, застудзілася, захварэла на сухоты. Неўзабаве не стала і яе, 15-гадовай дзяўчыны.
Вольга Карабчук бачыла вайну на свае вочы, удыхала гар і дым спаленых пабудоў вяскоўцаў. Ёй падчас ліхалецця давялося многае перажыць. Хіба можна выкрасліць з памяці свіст куль над галавой, разрывы снарадаў побач, крык малых дзяцей, енк параненых. Здаецца, да гэтага часу ў вушах стаіць чужая і незразумелая мова, а перад вачамі – настаўлены немцам у твар аўтамат з пальцам на спускавым курку. Не забываюцца начныя ўцёкі ў лес і на дальнія хутары, падчас якіх ратаваліся ад нямецкіх аблаў. Як успомніць – адразу ж жахаецца яшчэ і да гэтага часу.
Пякельным агнём апякае і трагедыя, якая адбылася ў Чарнянах 30 сакавіка 1944 года. Колькі разоў ужо пра яе расказвала жанчына за сваё жыццё двум сынам, нявесткам, пяці ўнукам! І заўсёды – слёзы з вачэй. А цяпер ужо расказвае і адзінаццаці праўнукам. Не адпускае памяць. Жахлівыя падзеі таго сакавіцкага дня і да гэтага часу стаяць перад вачамі жанчыны.
…Вяскоўцы ўжо прывыклі да таго, што ў Чарнянах час ад часу з’яўляліся немцы. Кожны іх няпрошаны візіт негатыўна адбіваўся на мясцовым насельніцтве. Захопнікі адчувалі сябе гаспадарамі ўсюды і ва ўсім. Беспакаранасць давала ім свабоду дзеянняў.
У час вайны сям’я Вольгі Карабчук жыла разам з бабуляй Ксеніяй. Хата была пабудавана яшчэ пры Польшчы якраз насупраць вясковых могілак на ўзвышшы. Зранку 30 сакавіка (гэта быў чацвер) бабуля даведалася, што тых, хто быў ці дапамагаў партызанам, немцы збіраюцца сагнаць у цэнтр вёскі, каб пасля быццам бы вывезці іх на працу ў Германію. Жанчына кінулася на вуліцу, каб бегчы да дачкі і папярэдзіць яе аб небяспецы. Дачка Тэкля жыла праз некалькі дамоў. Аднак адвесці бяду не паспела. Убачыла, як немцы пад прыцэлам аўтамата ўжо выводзілі на вуліцу Тэклю, яе мужа Цімафея і дзяцей Аляксандру, Марыю, Таццяну, Тамару і Фёдара. Ксенія зразумела, што нехта з вяскоўцаў данёс немцам. Бідзюкі сапраўды актыўна дапамагалі, чым маглі, партызанам. Калі немцы схаваліся за паваротам, бабуля вярнулася ў хату, схапіла ўнучку Вольгу за руку і, плачучы, кінулася бегчы ў цэнтр вёскі.
Падыходзячы да месца збору, убачылі, што туды пад’ехала ўжо на матацыклах шмат немцаў. Многія з іх курылі і гучна аб чымсьці гаварылі. Вольга заўважыла, што на руках у чужынцаў былі доўгія чорныя рукавіцы. За ўсім, што адбывалася, назіралі зводдаль. На двары Нябожынкавых немцы збіралі з усёй вёскі сем’і тых, хто быў у партызанах ці ім дапамагаў. Праз некаторы час усім сабраным загадалі зайсці ў хату. Накіравалася туды і некалькі немцаў. Што адбывалася ў хаце, невядома. Магчыма, іх перапісвалі.
Сэрца бабулі Ксеніі не вытрымала, і яна кінулася да немцаў, стала прасіць, каб далі магчымасць развітацца на дарогу з дачкой, зяцем і ўнукамі. “Невядома, калі зноў усе убачымся”, – казала яна. Адзін з мясцовых здраднікаў, яхідна заўважыў, што развітацца можна будзе тады, калі стануць ад’язджаць. Бабулі Ксеніі загадалі адысці. Плачучы і аглядваючыся на дом Нябожынкавых, накіравалася яна назад. Жанчыне спакою не давала пытанне “На чым павязуць? Машын жа няма!” Прадчуванне нядобрага вымагала нешта рабіць. У каго шукаць паратунку?
Бабуля Ксенія, узяўшы Вольгу за руку, подбегам ужо кінулася да дачкі Зінаіды і зяця Васіля, хата якіх была праз дзве ад месца будучай трагедыі. Бабуля ім расказала, што ў хаце сярод сагнаных ‒ Тэкля з мужам і дзецьмі. Зяць Васіль у гэты час тоўк зерне ў ступе і ўсё пазіраў у акно. Мужчына баяўся, што прыйдуць і за ім, каб накіраваць у Нямеччыну. Раптам пачуліся крыкі. Усе, хто быў у хаце, кінуліся да акна. Убачылі, што немцы па аднаму сталі выводзіць вяскоўцаў з хаты і прымушалі ісці ў хлеў. Палічылі: трыццаць адзін чалавек. Людзі супраціўляліся, немцы білі іх прыкладамі аўтаматаў. Раптам пачуўся стрэл. Пазней высветлілася, што 18-гадовая дзяўчына Аляксандра спрабавала збегчы. Яе немцы расстралялі і за валасы завалаклі ў хлеў.
Вольга Рыгораўна ўспамінае, што крык тады стаяў неймаверны. Калі апошняга чалавека сілком упіхнулі ў хлеў, яго дзверы зачынілі. Будынак нечым аблілі з усіх бакоў і падпалілі. Хутка ў неба разам з крыкам аб дапамозе ўзняўся і чорны слуп дыму.
Бабуля Ксенія не ведала, што рабіць, кідалася з кута ў кут. Яна заходзілася ад плачу і роспачы. Не маглі сабе знайсці месца і ўсе, хто быў у хаце і бачыў, як агонь хутка паглынаў сваім полымем хлеў з нявіннымі ахвярамі. Зяць Васіль злосна гаварыў бабулі Ксеніі, каб яна замаўчала, а то накліча бяду і на іх сям’ю. Але як можна было супакоіцца ў такой сітуацыі?
Неўзабаве ў хату да сястры Зінаіды прыйшла Таццяна, маці Вольгі. Яна не ведала, дзе дачка, і стала яе шукаць па вёсцы. Суседзі сказалі, што Вольга з бабуляй Ксеніяй накіраваліся ў цэнтр вёскі, туды, дзе збіралі немцы людзей. Ад убачанага Таццяне стала дрэнна. У хаце сястры яна даведалася аб той трагедыі, якая здарылася. Маці з Вольгай агародамі вярнуліся дадому. Вольга запомніла, трэск, полымя, што шугала высока ў неба. Вакол, акружыўшы хлеў, наводдаль стаялі з аўтаматамі немцы.
Праз два ці то тры дні пасля гэтага немцы з’ехалі з Чарнян. Казалі, што ў Кобрын. Бацька Вольгі Карабчук разам з роднымі тых, хто быў спалены ў хляве Нябожынкавых, паехалі ў Маларыту, каб атрымаць дазвол сабраць з папялішча попел. Вяскоўцы на могілках выкапалі яму і перанеслі туды прах згарэлых аднавяскоўцаў. Немцы, даведаўшыся пра гэта, сталі шукаць тых, хто такое адважыўся зрабіць. Аднак “вінаватых” на гэты раз так і не знайшлі.
Закончылася вайна, адбудаваліся Чарняны, загаіліся раны мінулага ліхалецця. Але на сэрцы ў Вольгі Карабчук засталіся шрамы, якія не могуць і да гэтага часу зарубцавацца. Памяць жывая. Яна не адпускае. Таму і наведваецца жанчына да жалобнага месца, каб ускласці кветкі, памаўчаць, успомніць родных, пастаяць і памаліцца, як некалі яе вучыла маці. За мір на свеце, за сябе, за родных, за жывых і спачылых людзей. За ўвесь свет!
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.
