З гісторыі Макранскай царквы і малітоўнага дома

Нядаўна прайшла ІХ раённая навукова-даследчая канферэнцыя “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”. На разгляд журы было прадстаўлена многа цікавых работ. Сярод іх заслугоўвае ўвагі даследаванне “Страчаныя беззваротна. Праваслаўныя цэрквы Маларытчыны, якія зніклі ў 1940-1960-х гадах”, што правялі Ілья Амелянчук (8 клас) і Дзмітрый Міхальчук (11 клас), вучні Лукаўскай СШ. Работу юнакі падрыхтавалі пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Мікалая Баліцэвіча.
Мікалай Васільевіч зазначыў, што ўпершыню зроблена спроба сабраць і аб’яднаць у адной рабоце матэрыялы пад агульнай тэмай. У даследаванні выкарыстаны фотаздымкі, якія раней нідзе не друкаваліся. Факты, звесткі, прыведзеныя ў рабоце, уяўляюць цікавасць для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. Мы ж друкуем вытрымкі з даследавання, якое датычыцца храма ў в. Макраны.
У 1907 г. у Макранах замест старой царквы, пабудаванай яшчэ ў 1786-1787 гадах, была ўзведзена новая драўляная. У 1944 г. немцы, напярэдадні свайго адступлення, адпраўлялі ў Германію палонных і нарабаваную маёмасць. 18 ліпеня такі ж лёс напаткаў сям’ю і святара Макранскай царквы Макарыя Саковіча. Яшчэ ў студзені 1944 г. яго арыштавалі па падазрэнні ў сувязях з партызанамі. Не здолеўшы даказаць віны, немцы адправілі святара разам з сям’ёй у г.Кёльн у якасці працоўнай сілы. Вярнуліся яны ў Макраны толькі ў жніўні 1945 г. А ўжо ў снежні гэтага ж года ўжо была зарэгістравана праваслаўная суполка.
З 1950 г. святаром Макранскай царквы стаў Палікарп Бажоўскі, старастам – В.М. Навасадзец. Але апошні пасварыўся са святаром і ў красавіку 1951 г. заявіў аб сваім сыходзе са складу царкоўнай рады. Праўда, ключы ад храма здаць адмовіўся.
Познім вечарам 7 чэрвеня 1951 г. у Макранскай царкве адбыўся пажар, падчас якога згарэў будынак храма і амаль усе царкоўныя рэчы. Людзі спрабавалі патушыць пажар, але безвынікова. Пачалося ж ўзгаранне, хутчэй за ўсё, ад падпалу. Вінаватага ўстанавіць не ўдалося.
Пасля пажару вернікі, якія хацелі, каб у вёсцы была царква, шукалі варыянты яе аднаўлення. У канчатковым выніку іх задаволіў і малітоўны дом. Пасля дазволу ўпаўнаважанага па Брэсцкай вобласці і ўзгаднення з упаўнаважаным Савета па справах рэлігій БССР, макранскія прыхаджане сталі выкарыстоўваць у якасці апошняга былы дом святара. Рашэннем аблсавета ад 30 верасня 1961 г. была знята з рэгістрацыі парафіяльная суполка ў в. Макраны ў сувязі са спыненнем сваёй дзейнасці. Таксама было пастаноўлена разабраць будынак Макранскага малітоўнага дома, які да таго часу знаходзіўся ў аварыйным стане. На яго месцы была пабудавана крама.
На здымках: так выглядала Макранская царква да пажару 1951 г.; малітоўны дом праваслаўных вернікаў в. Макраны.

Опубликовано в “ГЧ” 12.02.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий